Перейти на главную страницу
дысертацыі на суісканне вучонай ступені
кандыдата гістарычных навук
па спецыяльнасці 07.00.06 – aрхеалогія
Мінск, 2011
Праца выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце
Навуковы кіраўнік Егарэйчанка Аляксандр Андрэевіч, доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Абарона адбудзецца « 1 » чэрвеня 2011 года ў 14.00 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 01.40.01 на суісканне ступені доктара гістарычных навук пры дзяржаўнай навуковай установе «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (220072, Мінск, вул. Акадэмічная, 1, пакой 223; E-mail: marat@history.by; тэл. вучонага сакратара: +37517 284 18 69).
З дысертацыяй можна азнаёміцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (вул. Сурганава, 15).
Аўтарэферат разасланы « 26 » красавіка 2011 года.
Вучоны сакратар
савета па абароне дысертацый Жылінскі М.Г.
Культура шарападобных амфар (КША) узнікла ў канцы IV тыс. да н.э.1 у міжрэччы Одэра і Віслы і на працягу ІІІ тыс. да н.э. распаўсюдзілася на тэрыторыі ад Балтыйскага мора на поўначы да міжрэчча Серата і Прута на поўдні, ад Одэра на захадзе да Падняпроўя на ўсходзе. Перамяшчэнне груп насельніцтва КША ў першай палове – сярэдзіне ІІІ тыс. да н.э. ва ўсходнім накірунку ўнесла значныя змены ў культурнае развіццё супольнасцяў Усходняй Еўропы, у тым ліку Беларусі. На тэрыторыі Беларусі вылучаны анклаў насельніцтва КША на Панямонні (М.М. Чарняўскі), а таксама вызначаны адзінкавыя комплексы і асобныя знаходкі з прыкметамі КША ў рэгіёнах Верхняга Панямоння, Палесся, Верхняга Падняпроўя (М.М. Чарняўскі, М. Шмыт, М.М. Крывальцэвіч, В.Л. Лакіза).
Актуальнасць тэмы дысертацыі абумоўлена тым, што дагэтуль не было здзейснена комплекснае вывучэнне КША на Беларусі. Не быў зроблены ўсебаковы аналіз пахаванняў КША з Панямоння, не ў дастатковай меры праведзена іх параўнанне з пахаваннямі цэнтральнай і ўсходняй груп культуры. У сувязі з гэтым высновы, да якіх прыходзілі даследчыкі пры вызначэнні шляхоў пранікнення носьбітаў КША на тэрыторыю Беларусi, патрабавалі верыфікацыі. Былі зроблены толькі першыя крокі па вызначэнню асноўных механізмаў распаўсюджання КША на тэрыторыі Беларусі. Практычна не надавалася ўвага выяўленню спецыфікі рысаў КША ў мясцовых комплексах. Вырашэнне гэтых праблем дазволіць прасачыць далейшы лёс КША ў лясной зоне Усходняй Еўропы, вызначыць месца КША ў сістэме культурных перамен ІІІ–пачатку ІІ тыс. да н.э. Рэканструкцыя дадзеных працэсаў будзе мець значэнне для разумення ролі ўзаемадзеяння неалітычных культур Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на этапе пераходу ад неаліту да эпохі бронзы.
Агульная характарыстыка работы
Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі. Дысертацыйнае даследаванне з’яўляецца ініцыятыўным. Тэма была зацверджана і ўдакладнена Вучоным Саветам гістарычнага факультэта БДУ (пратакол № 2 ад 23.10.2007 г. і пратакол № 2 ад 26.10.2010 г. адпаведна).
Мэты і задачы даследавання. Мэта дысертацыйнага даследавання – вызначэнне месца КША ў сістэме культурных перамен ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э. на тэрыторыі Беларусі. Для дасягнення пастаўленай мэты вырашаюцца наступныя задачы: 1) Сістэматызацыя і класіфікацыя матэрыялаў КША з тэрыторыі Беларусі; 2) Культурна-храналагічная інтэрпрэтацыя комплексаў і асобных знаходак КША з тэрыторыі Беларусі; 3) Вылучэнне прыкмет КША ў мясцовых «лясных» неалітычных культурах, а таксама групах помнікаў кола культуры шнуравой керамікі; 4) Вызначэнне механізмаў распаўсюджання традыцый КША на тэрыторыі Беларусі.
Аб’ектам даследавання з’яўляюцца помнікі і асобныя артэфакты КША, а таксама матэрыялы іншых культур з «амфарнымі» рысамі. У якасці прадмета даследавання разглядаюцца асаблівасці помнікаў і інвентару носьбітаў КША на Беларусі, культурныя сувязі мясцовых груповак КША з прадстаўнікамі цэнтральнай і ўсходняй груп вывучаемай культуры і з аўтахтонным насельніцтвам, формы прысутнасці «амфарных» прыкмет у мясцовых комплексах, час і шляхі распаўсюджання традыцый КША.
Выкарыстаная сістэма тэрмінаў патрабуе каментарыяў. Археалагічная культура разумеецца як спалучэнне заканамерна ўзаемазвязаных элементаў археалагічнага матэрыялу, якое прыблізна адлюстроўвае некалі існаваўшыя жывыя сацыяльна-культурныя супольнасці. Прыкмета (рыса) археалагічнай культуры – гэта элемент, які мае культурную значнасць і выступае ў якасці культуравызначальнага паказчыка. Культурная традыцыя адбіваецца ў адметным наборы культурных прыкмет, якія захоўваюцца працяглы час, падвяргаюцца развіццю і трансфармацыі, распаўсюджваюцца на пэўнай тэрыторыі, выходзячы за межы зыходнай культуры (П. Макаровіч, Л.С. Клейн, Б. Фаган).
1) Прысутнасць на тэрыторыі Беларусі КША і яе традыцый фіксуецца па наяўнасці помнікаў і адзінкавых артэфактаў, а таксама асобных прыкмет у матэрыялах мясцовых культур. Першая катэгорыя крыніц паказвае на аседласць носьбітаў КША, другая – адлюстроўвае магчымасць як непасрэднага прыходу мігрантаў, так і распаўсюджання асобных вырабаў у выглядзе «імпартаў», трэцяя – сведчыць аб успрыманні традыцый КША мясцовым насельніцтвам.
2) Крамянёвыя сякеры і долаты, тэхналагічныя, стылістычныя і метрычныя асаблівасці якіх адпавядаюць стандартам крамянёвай індустрыі КША, выступаюць у чатырох кантэкстах: пахаванні вывучаемай культуры; іншакультурныя пахаванні; шматкультурныя паселішчы; выпадковыя знаходкі. Нарыхтоўкі рубячых прыладаў працы з прыкметамі КША паходзяць з майстэрань, якія размяшчаліся на ўсіх даследаваных крэйдавых лінзах Краснасельскага крэмнездабыўнага цэнтра.
3) Пранікненне традыцый КША на тэрыторыю Беларусі і іх адаптыцыя мясцовым насельніцтвам – вынік дзеяння разнастайных механізмаў: міграцыі носьбітаў культуры, распаўсюджання асобных вырабаў, пераносу «амфарных» рысаў праз пасрэдніцтва іншых культур.
4) Міграцыя носьбітаў КША на тэрыторыю Беларусі адбывалася з некалькіх рэгіёнаў. Прадстаўнікі КША прыйшлі на Панямонне з Люблінскага ўзвышша. Зыходнай тэрыторыяй распаўсюджання КША на поўначы Беларусі з’яўлялася Паўднёва-Усходняя Прыбалтыка. Патэнцыяльнымі шляхамі перамяшчэння носьбітаў КША на Верхняе Падняпроўе былі: заходні з Панямоння, паўднёвы з тэрыторыі валынскай падгрупы па Дняпру, паўночна-заходні з Падзвіння.
5) Прысутнасць прыкмет КША ў мясцовых комплексах сведчыць аб тым, што ў культурных працэсах, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э., «амфарным» традыцыям належала істотная, хаця і не дамінуючая, роля. Сярод «лясных» культур найбольш схільнай да адаптацыі рысаў КША была нёманская культура. Найменш актыўнае запазычанне прыкмет КША адбывалася ў асяроддзі неалітычнай культуры Верхняга Падняпроўя. У мясцовых комплексах кола культуры шнуравой керамікі, у параўнанні з культурамі «ляснога» неаліту, «амфарны» кампанент прадстаўлены больш выразна. Самыя шматлікія прыкметы КША прысутнічаюць на помніках кола культуры шнуравой керамікі на Панямонні і ў сярэднедняпроўскай культуры на Верхнім Падняпроўі. Найбольш кансерватыўнай па ўспрыняццю «амфарных» рысаў з’яўлялася паўночнабеларуская культура.
Разам з тым, не ў дастатковай ступені распрацавана праблема прысутнасці ў пахавальных комплексах з Панямоння пэўных групавых рысаў КША, што стварае перашкоды пры вызначэнні накірункаў, у якіх усталёўваліся культурныя кантакты. Не з’яўлялася прадметам дэталёвага аналізу пытанне аб удзеле носьбітаў КША ў эксплуатацыі шахтаў Краснасельскага крэмнездабыўнага цэнтра. Недастаткова вывучана таксаномія прыкмет КША на тэрыторыі Беларусі. Надзённай задачай застаецца вызначэнне характару культурных кантактаў, у выніку якіх адбывалася распаўсюджанне «амфарных» традыцый, удакладненне храналогіі і дынамікі трансфармацыі традыцый КША ў мясцовым культурным асяроддзі.
Сістэматызацыя і класіфікацыя матэрыялаў КША з тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялася на падставе класіфікацый В. Баркоўскага, Т. Вісляньскага, С. Носака, М. Шмыт. Для аналізу нарыхтовак крамянёвых сякер і долатаў з шахтаў і майстэрань Краснасельскага мікрарэгіёна распрацавана класіфікацыя, якая сінтэзуе прынцыпы класіфікацыйных схем Е. Копача, А. Пелісяка, Н.М. Гурынай, В.Я. Кудрашова, В. Мігаля, С. Салацыньскага, К. Барскай. Распрацавана класіфікацыя крамянёвых вырабаў з прыкметамі КША, якія былі знойдзены на тэрыторыі Беларусі. На падставе аналізу морфаметрычных асаблівасцяў прыладаў вылучана 3 групы сякер і 2 групы долатаў. Для аналізу крамянёвага інвентару майстэрань прыменены метад першаснай колькаснай апрацоўкі даных. Пры вывучэнні пахавальных комплексаў КША ўжываецца метад структурнага аналізу. Для вызначэння шляхоў міграцыі носьбітаў КША, накірункаў сувязяў мігрантаў з насельніцтвам тэрытарыяльных груп выкарыстаны метад картаграфавання рэчавых матэрыялаў і помнікаў. Вызначэнне адноснай храналогіі пахавальных комплексаў КША ажыццяўлялася на падставе параўнальна-тыпалагічнага аналізу інвентару. У працы выкарыстоўваецца найбольш дэтальна распрацаваная рэгіянальная перыядызацыя КША на Куявах.
База археалагічных крыніц дысертацыйнага даследавання ўключае каля 840 адзінак, якія прадстаўляюць наступныя катэгорыі: 1) Кераміка (кераміка КША, выяўленая на тэрыторыі Беларусі, кераміка КША з пахаванняў сярэднедняпроўскай культуры ў Падзесенні, кераміка іншых культур з рысамі КША – усяго 42 цалкам альбо часткова рэканструяваныя пасудзіны і каля 245 фрагментаў посуду); 2) Крамянёвыя вырабы (артэфакты з пахаванняў КША; нарыхтоўкі з шахтаў і майстэрань Краснасельскага крэмнездабыўнага цэнтра; сякеры і долаты, характарыстыкі якіх адпавядаюць стандартам крамянёвай індустрыі КША – усяго 548 адзінак); 3) Касцяныя вырабы (прылады з пахаванняў КША, артэфакты, вырабленыя ў адпаведнасці з традыцыямі КША і знойдзеныя ў іншакультурным кантэксце – 3 адз.); 4) Іншыя катэгорыі артэфактаў, якія знаходзіліся ў пахаваннях КША (бурштын, выкрутка ад каменнай свідраванай сякеры – 2 адз.).
Асноўную частку крыніцавай базы даследавання склалі матэрыялы, атрыманыя ў выніку працы з калекцыямі (матэрыялы даследаванняў І.І. Арцёменкі, Н.М. Гурынай, У.Ф. Ісаенкі, А.Д. Кавалені, А.Г. Калечыц, М.М. Крывальцэвіча, В.Я. Кудрашова, В.Л. Лакізы, В.Л. Ліпніцкай, К.М. Палікарповіча, П.А. Прыбыткіна, В.М. Сідаровіча, М.І. Ткачовай, В.П. Чамезы, М.М. Чарняўскага, І.М. Язэпенкі) і матэрыялы, атрыманыя ў выніку пераасэнсавання раней апублікаваных іншакультурных комплексаў (у кантэксце традыцый КША яны разглядаліся ўпершыню). У агульную базу даных уключаліся таксама ўжо апублікаваныя матэрыялы КША.
2.3 Сістэматызацыя прыкмет культуры шарападобных амфар. Ідэнтыфікацыя ў археалагічных культурах Беларусі прыкмет, генетычна звязаных з КША, ажыццяўляецца на падставе распрацаванай М. Шмыт сістэматызацыі рысаў КША ў лясной зоне Усходняй Еўропы. У гэту сістэматызацыю ўнесены дзве навацыі. Па-першае, дапоўнены спіс прыкмет, генетычна звязаных з КША і выяўленых ва ўсходнееўрапейскіх комплексах (упершыню адзначана прысутнасць у матэрыялах з тэрыторыі Беларусі такога тыповага для КША аздаблення, як гарызантальныя пасы шнура, якія перасякаюцца альбо перарываюцца вертыкальнымі шнуравымі адбіткамі). Па-другое, праведзена дадатковая сістэматызацыя арнаментаў, нанесеных адбіткамі лінейнага штампа. Матывы, у залежнасці ад ступені адлюстравання культурнай традыцыі, падзелены на 2 групы: 1) Матывы, якія з’яўляюцца паказчыкамі «амфарнай» традыцыі (гарызантальныя пасы вертыкальных адбіткаў штампа і зігзага); 2) Матывы, якія прысутнічаюць у КША, аднак не з’яўляюцца культуравызначальнымі (ромбы, утвораныя двума гарызантальнымі зігзагамі; гарызантальныя пасы гарызантальных адбіткаў штампа; вертыкальныя слупкі гарызантальных адбіткаў штампа; «звісаючыя» штампаваныя слупкі; косасеткавы арнамент, «дрэўца»). Аздабленне, аднесенае да групы І, у залежнасці ад ступені адпаведнасці традыцыям КША падзелена на дзве падгрупы: а) арнамент адпавядае стандартам КША; б) арнамент падвергнуты пэўнай мадыфікацыі. Выкарыстанне такой сістэматызацыі дазваляе прасачыць трансфармацыю традыцый КША ў мясцовых комплексах.
У матэрыялах археалагічных культур, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э., прыкметы КША прасочаны ў арнаментацыі керамікі (А – лінейны штамп; Б – трубчасты арнамент альбо адбіткі «птушынага пяра»; В – фестоны; Г – гарызантальныя пасы шнура, якія перасякаюцца альбо перарываюцца вертыкальнымі шнуравымі адбіткамі); марфалогіі керамікі (Д – міскі, Е – вазы, Ж – гаршкі), крамянёвым інвентары (З, І – чатырохбаковыя шліфаваныя крамянёвыя сякеры і долаты адпаведна) і касцяной індустрыі (К – верацёнападобныя наканечнікі / вастрыі).
На падставе аналізу нарыхтовак рубячых прыладаў працы ўстаноўлена, што вырабы, характарыстыкі якіх адпавядаюць стандартам крамянёвай індустрыі КША, прысутнічаюць не толькі, як адзначалася К. Барскай, В.С. Абухоўскім, на крэйдавай лінзе № 1 каля г.п. Краснасельскі, але і на крэйдавай лінзе № 2 каля згаданага пасёлка і на крэйдавай лінзе № 4 «Калядзічы» каля в. Карпаўцы. Аналіз нарыхтовак з Карпаўцаў сведчыць, што асноўнай спецыялізацыяй майстэрань з’яўлялася вытворчасць чатырохбаковых сякер і долатаў. У вытворчасці рубячых прыладаў вылучаны наступныя этапы: 1) Першапачатковая апрацоўка сыравіны і фарміраванне паўфабрыкатаў (форма артэфакта паўтарае абрысы сыравіны, адсутнічаюць аформленае папярочнае сячэнне і бакавыя грані); 2) Фарміраванне нарыхтовак (вырабаў, якія маюць сфарміраванае папярочнае сячэнне і бакавыя грані, аднак неапрацаваныя абушок і лязо); 3) Фарміраванне незакончаных вырабаў (нарыхтовак з апрацаванымі абушком і лязом). Вырабы характарызуюцца высокай ступенню стандартнасці на ўсіх этапах тэхналагічнага цыклу. Шліфаванне прыладаў на крэйдавай лінзе № 4 «Калядзічы», як і на іншых участках Краснасельскага крэмнездабыўнага цэнтра, адбывалася па-за межамі шахтаў і майстэрань.
Сякеры і долаты, тэхналагічныя і стылістычныя характарыстыкі якіх адпавядаюць стандартам крамянёвай індустрыі КША, выяўлены ў 4 кантэкстах: пахаванні КША (1 адз.), выпадковыя знаходкі (зафіксавана 90 пунктаў, з іх 26 без дакладнай лакалізацыі); шматкультурныя паселішчы (7 адз.), іншакультурныя пахаванні (5 адз.). На падставе аналізу морфаметрычных асаблівасцяў вырабаў вылучана 3 групы сякер і 2 групы долатаў. Сякеры падзелены на: І) Параўнальна тонкія сякеры. Максімальная таўшчыня – у абушковай, зрэдку цэнтральнай частках вырабаў. Бакавыя грані прамыя; ІІ) Параўнальна масіўныя сякеры. Максімальная таўшчыня вырабаў – у цэнтральнай, радзей абушковай частках. Бакавыя грані прамыя, зрэдку злёгку выгнутыя; ІІІ) Масіўныя, амаль квадратныя ў папярочным сячэнні вырабы, якія па сваіх абрысах нагадваюць долаты. Долаты прадстаўлены наступнымі групамі: 1) Долаты са злёгку выпуклымі бакавымі гранямі. Максімальная шырыня вырабаў адзначаецца ў цэнтральнай частцы; 2) Долаты з раўнамерна пашыранымі бакавымі гранямі. Максімальная шырыня вырабаў супадае з шырынёй ляза. Месцазнаходжанні сякер, аднесеных да груп І і ІІ, а таксама долатаў абедзвюх груп сканцэнтраваны на тэрыторыі ад правабярэжжа Прыпяці на поўдні да вярхоўяў Віліі і Беразіны на поўначы і сярэдняга Пасожжа на ўсходзе. Сякеры групы ІІІ адзначаюцца толькі на Заходнім Палессі.
У Краснасельскім пахаванні № 3 (рытуальным пахаванні жывёл) знаходзілася сякера, прыкметы якой (лінзападобнае папярочнае сячэнне, нерэгулярныя абрысы, адсутнасць шліфоўкі, невялікія памеры – 62×32×18 мм) цалкам адрозніваюцца ад стандартаў крамянёвай індустрыі КША.
Немакралітычныя артэфакты паходзяць з пахаванняў №№ 2 і 3 Краснасельскага могільніка. Артэфакты прадстаўлены прадуктамі расшчаплення крэменю (3 адшчэпы і іх фрагменты, мікрапласцінка, медыяльная частка пласціны, рабрысты скол, 3 лускі) і вырабамі з другаснай апрацоўкай (геаметрычны мікраліт (трапецыя), 3 рэтушаваныя адшчэпы, праксімальная частка пласціны з рэтушшу).
У выніку праведзенага даследавання вызначана, што ў матэрыялах КША з Панямоння дамінуюць рысы, характэрныя для цэнтральнай групы вывучаемай культуры, а таксама прысутнічаюць прыкметы валынскай падгрупы ўсходняй групы (найбольш выразныя – выкарыстанне ў пахавальным абрадзе вохры). Атрыманыя высновы пацвярджаюць меркаванне М.М. Чарняўскага і М. Шмыт аб з’яўленні на Панямонні прадстаўнікоў цэнтральнай групы КША. Аднак параўнальна-тыпалагічны аналіз інвентару паказаў, што зыходным цэнтрам міграцыі носьбітаў КША ў гэты рэгіён з’яўлялася тэрыторыя не мазавецка-падляскай падгрупы, як сцвярджалі даследчыкі, а малапольскай і ўсходнелюблінскай падгруп (Люблінскае ўзвышша). Прыток прыкмет, характэрных для ўсходняй групы КША, ажыццяўляўся ў выніку апасродкаванага ўздзеяння – праз пасрэдніцтва згаданых груповак. Амфара, знойдзеная на Беларускім Падзвінні, па сваіх марфалагічных і арнаментальных прыкметах (спрошчанасць аздаблення) збліжаецца з керамікай мазурска-вармінскай падгрупы КША, з «сінкрэтычнай» керамікай КША з узбярэжжа Балтыйскага мора. Такім чынам, найбольш верагодным ачагом распаўсюджання КША на поўначы Беларусі з’яўлялася Паўднёва-Усходняя Прыбалтыка.
У матэрыялах Краснасельскага могільніка прысутнічаюць рысы, не характэрныя для КША. Крамянёвая сякера з пахавання № 3 па сваіх прыкметах набліжаецца да вырабаў нёманскай культуры. Каменная свідраваная сякера, выкрутка ад якой знойдзена ў пахаванні № 2 – тыповы складнік інвентару культуры шнуравой керамікі. Наяўны стан даных дазваляе прапанаваць два тлумачэнні прысутнасці згаданых артэфактаў у пахаваннях КША: 1) носьбіты КША падтрымлівалі кантакты з прадстаўнікамі мясцовых культур; 2) вырабы трапілі ў запаўненне пахаванняў выпадкова.
3.4 Храналогія. На падставе параўнальна-тыпалагічнага аналізу «класічных» матэрыялаў КША з Панямоння ўстаноўлена, што пахаванні № 1 і № 2 Краснасельскага могільніка, у адпаведнасці з найбольш дэтальна распрацаванай рэгіянальнай перыядызацыяй КША на Куявах, змяшчаюцца ў фазах ІІb–ІІІа (3250/3100 – 2400/2150 гг. да н.э). Усе пахаванні могільніка з’явіліся параўнальна адначасова. Час здзяйснення пахавання ў Малых Ёдкавічах – 2900/2700–2400/2150 гг. да н.э. (фаза ІІІа). Менавіта ў гэты перыяд амфара КША апынулася і на Беларускім Падзвінні. Атрыманыя высновы не супярэчаць вядомай радыевугляроднай даце пахавання № 3 Краснасельскага могільніка і існуючым уяўленням аб часе пранікнення носьбітаў КША на тэрыторыю Беларусі (каля 2600 гг. да н.э.).
Навуковы кіраўнік Егарэйчанка Аляксандр Андрэевіч, доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверс
08 10 2014
3 стр.
Згодна з інструктыўна-метадычным пісьмом Міністэрства адукацыі, адным з актуальных аспектаў арганізацыі выхаваўчага працэсу ў агульнаадукацыйных установах з’яўляецца фарміраванне ў
25 12 2014
1 стр.
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Літаратура і Мастацтва» поруч з выданнем літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных перыядычных выданняў
07 10 2014
5 стр.
Найменування. Кримська республіканська установа Білогірський дитячий будинок-інтернат
11 10 2014
1 стр.
Найменування. Кримська республіканська установа Білогірський дитячий будинок-інтернат
11 10 2014
1 стр.
Для збору сродкаў на стварэнне рэабілітацыйных цэнтраў у Гродне і Брэсце, набыцця спецыяльных платформ, інвалідных вазкоў, спартыўнай экіпіроўкі створана дабрачынная тэлефонная лін
23 09 2014
1 стр.
Мэта: выхоўваць вучняў на лепшых традыцыях нацыянальнай культуры; раскрыць адметныя якасці беларусаў, нашых продкаў; выхоўваць павагу да роднай мовы, да беларускага народа, яго гіс
23 09 2014
1 стр.
Документація конкурсних торгів розроблена на виконання вимог Закону України «Про здійснення державних закупівель» (2289-17)
14 10 2014
1 стр.