ДУА“Аношкаўскі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Вусная народная творчасць
(факультатыўны занятак па курсу “Мая Айчына”)
Настаўнік пачатковых класаў
Твароўская Іна Міхайлаўна
2012
Мэта: паглыбіць і замацаваць веды вучняў пра жанравую разнастайнасць
народных твораў, багацце тэм і вобразаў;
развіваць маўленне вучняў, папаўняць іх слоўнікавы запас;
фарміраваць нацыянальную свядомасць школьнікаў;
выхоўваць павагу да народнай спадчыны.
Ход занятка
Вучаніца. Дарагіх гасцей мы сустракаем
Круглым пышным караваем.
Ён на блюдзе размаляваным
На рознакаляровым ручніку.
Каравай мы вам падносім,
Пакланіўшыся, паспытаць просім!
Настаўнік. Я спяшаюся сказаць вам -"Добры дзень!"
Каб пажадаць здароўя добрага.
Я спяшаюся сказаць вам -"Дабрыні!"
Каб пажадаць вам шчасця моцнага.
Я спяшаюся сказаць вам -"Радасці!"
Поспехаў і шанцавання!
Усім у гэтым класе
Цудоўнага настрою.
(Прагляд відэароліка “Мая Беларусь”)
Настаўнік. – Пра што гэты відэаролік?
-
Што вы ведаеце пра Беларусь?
Багатая зямля беларуская. І багатая яна не толькі лясамі, лугамі, рэкамі, азёрамі. Галоўнае яе багацце - людзі. Наш край славіцца вуснай народнай творчасцю.
Сёння наш занятак і прысвечаны беларускай вуснай народнай творчасці. Яна ўзнікла тада,калі не было пісьменнасці. Людзі не ўмелі чытаць, пісаць, але ведалі шмат песень, казак, пацешак, заклічак, загадак, прыказак. Усе гэтыя творы аб’ядноўваюцца адной назвай – фальклор (на дошцы з’яўляецца надпіс “фальклор”).
Як жа перадаваліся гэтыя творы з пакалення ў пакаленне? Хто іх аўтар?
З вуснаў у вусны перадаецца народная мудрасць. Вельмі важна,каб мы з вамі не парвалі гэты ланцужок, не развучыліся спяваць народныя песні, гуляць у народныя гульні, цаніць сваё мінулае.
Вывучэнне твораў беларускай народнай творчасці мы пачынаем з самага маленства. Вы нарадзіліся, і матуля спявала вам песенькі. А як яны называюцца здагадайцеся, праслухаўшы адну з іх. (На дошцы з’яўляецца лісток з надпісам “КАЛЫХАНКІ”). Сёння дзяўчынкі калышуць сваіх лялек і спяваюць(дзеці чытаюць песенькі са сваіх кніг або расказваюць на памяць):
Люлі, люлі, люлі,
Усе дзеткі паснулі.
Адна мая ляля
Не спіць,не гуляець,
З катком размаўляець.
Люлі,люлі, люлі,
Пайшоў кот па дулі,
Адмарозіў лапкі,
Палез на палаткі,
Сталі лапкі грэцца,
Недзе катку дзецца,
Палез яшчэ вышай,
А там яшчэ хужай.
-
Чаму ў калыханках сустракаецца слова “люлі”?
-
Як трэба вымаўляць,спяваць калыханкі?
-
Праспявайце калыханку для сваёй лялькі! (Дзяўчынка спявае калыханку для лялькі).

Бацькі ў размове з вамі часта выкарыстоўваюць цікавыя словы, прыказкі, пацешкі. Напрыклад, купаюць дзіця і прыгаворваюць:
З гусака вада, з лебедзя вада,
А з майго дзіцяткі ўся хвароба.
- Як вы думаеце, што жадаюць дзіцяці, прыгаворваючы такія словы?
Зараз і мы з вамі паспрабуем пабыць бацькамі, а хтосьці сынам ці дачкой.
Першая такая сітуацыя - у дзіцяці што-небудзь баліць. Тэкст, які вам дапаможа - у вас на партах.
У лісы болі,
У мядзведзя болі,
А Пецькіны болі
Ідзіце за горы
Другая цікавая сітуацыя – ваша дзіця без дазволу сышло куды-небудзь, яго трэба неяк пакараць. Вам у дапамогу тэкст.
Не хадзі за вёскай,
Там Яга з мятлой.
Не хадзі вапоцьмах -
Ходзіць страх у кустах.
І самая прыемная сітуацыя - мама ці тата любуюцца сваёй дачкой, прыгаворваючы такія словы (яны ў вас на партах)
Ах, ты, мая дзяўчыначка,
Залатая вавёрачка,
Салодкая цукерачка,
Бэзавая галіначка.
- Падумайце, якія жэсты можна дадаць.
Ва ўсіх гэтых сітуацыях што ж нам дапамагло?
Ад пацешак нам станавілася лягчэй, і дзеці станавіліся паслухмянымі.
(На дошцы з’яўляецца надпіс
ПАЦЕШКІ)
-
Малайцы, дзеці! А зараз час пагуляць. Давайце пагуляем у народную гульню “Маша”. Але усё не так проста. Для таго,как гуляць,нам патрэбна выбраць вядучага. Як гэта зрабіць?
(На дошцы з’яўляецца яшчэ два надпісы
“ГУЛЬНЯ”, “ЛІЧЫЛКІ”
(Дзеці з дапамогай лічылак выбіраюць вядучага “Машу”)
-
Раз, два, тры,
Мы — найлепшыя сябры.
Тры, чатыры, пяць,
Будзем космас штурмаваць.
Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,
Паляцім на Марс і Месяц!
-
Пятро, Пятро, падай вядро.
Карове піць – табе жмурыць.
Чатыры лапы,пяты - хвост.
(Гучыць музыка)
Усе становяцца ў кола, пасярэдзіне знаходзіцца Маша з завязанымі вачымі.
Дзеці прыгаворваюць:
Маша, ты пацеха наша!
Ручкі з золата, ножкі з долата,
Валасы кудлатыя, а вочы зыркатыя.
(Маша хапае каго-небудзь з кола і спрабуе адгадаць, хто гэта. Калі яна адгадае імя дзіцяці, той становіцца Машай, калі не - працягвае лавіць дзяцей і адгадваць).
-
Неацэнны моўны скарб нашага народа – ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ.
Ужо няма тых людзей, якія прыдумалі гэтыя трапныя выразы, а прыказкі працягваюць жыць. Прыказкі і прымаўкі даюць карысныя парады, вучаць нас дабру, перасцерагаюць ад дрэнных учынкаў. Ці ведаеце вы беларускія прыказкі і прымаўкі?
-
Знайдзіце прыказку ў размове
-
- Бабулька, ты казала, што мы пойдзем гуляць.
- Пойдзем, унучка.
- Але скажы, ці памыла ты ўжо посуд?
- Я потым памыю.
- Не. Адклад не ідзе ў лад. Памый чысценька посуд, а тады і пойдзем.
-
- Пара, Алінка, абедаць. Мый рукі і сядай за стол.
- Мама, абед не заяц, у лес не ўцячэ.
-
Шануй бацьку з маткай, (другіх не знойдзеш).
-
Хто працуе, (той не сумуе).
-
Спяшыць – (людзей насмяшыць).
-
Усюды добра,( а дома лепей).
-
Дарагая тая хатка, (дзе радзіла мяне матка).
-
Хто пытае,( той шмат знае).
-
Малая пчала, (ды і тая працуе).
-
Назаві прыказку
- Аднавіце прыказку па гэтых словах (словы на
таблічках)
(вадзіцы – крыніцы)
Няма смачнейшае вадзіцы як з роднае крыніцы.
(цяжка – лёгка)
Што аднаму цяжка, то гуртам лёгка.
(набывай – незабывай)
Новых сяброў набывай, а старых не забывай.
(мажа – кажа)
Не той друг, хто мёдам мажа, а той, хто праўду кажа
(языком – дзелам)
Не хваліся языком, а хваліся дзелам.
(назбіраць – жаваць)
Трэба ўлетку назбіраць, каб узімку было што жаваць.
Заўсёды беларусы вызначаліся здатнасцю да жартаў, кемлівасцю. Скарбонкай народнай мудрасці і назіральнасці лічацца беларускія
ЗАГАДКІ. Кемлівасці, дасціпнасці вучыліся дзеткі, калі адгадвалі загадкі. Паглядзім, ці кемлівыя вы, дзеці?
( Вучні загадваюць загадкі.)
Блакітнае вока ад зямлі высока. (Неба)
Нахмурыцца , насупіцца,
У слёзы ўдарыцца -
Нічога не застанецца.(Хмара)
Хвост мой пушысты, кажух мой агністы,
Хітрай называюць і курэй хаваюць. (Лісіца)
Крылаў не мае, а лятае,
Без рук, а вароты адчыняе,
Без голасу, а спявае.
Без пугі, а хмары ганяе. (Вецер).
Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці.(Ноч)
Ён раскажа і пакажа, як жыве планета наша.
А няма электратоку - ён без мовы і без зроку. (Тэлевізар)
З гаспадаром сябруе, дом вартуе.
Ляжыць пад ганкам - хвост абаранкам.(Сабака.)
Сосны лечыць ён з вясны,
Доктарам завуць лясным. (Дзяцел)
Ехалі з горкі СКОРАГАВОРКІ. Па дарозе разбіліся на дзве часткі. Іх трэба сабраць
.(Вучні злучаюць часткі скорагаворак).
У чаплі чапляня, беламу зайку.
Белы бусел баяў байку таўкуць мак камары.
На двары без пары у зайкі зайчаня.
Руды гарбаты Рыгор дзяўблі дзеравіну
Дзятлы дзюбамі дзяўблі гроб грыбы граблямі
Завітала ў госці казка – сустракайце, калі ласка!
У даўнія часы, калі простыя людзі яшчэ не ўмелі пісаць, расказвалі адзін аднаму, сваім дзецям розныя цікавыя казкі. Героямі казак былі жывёлы, а таксама выдуманыя істоты. Сюжэты казак былі не толькі забаўляльнымі, але многаму маглі навучыць.
Сёння мы ўспомнім з вамі казкі, складзеныя беларускім народам. (Выкарыстоўваюцца малюнкі да казак)
- Якімі словамі пачынаецца казка “Курачка-раба”?
“Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-раба. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу, ды паставіла на паліцу”.
- Што крычаў Пеўнік, калі яго схапіла ліса? (Казка “Коцік , пеўнік і ліса”.)
“Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх!”
- Якімі словамі пачынаецца казка “Сынок з кулачок”?
“Жылі дзед і баба. Быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак”.
- Што казала каза-манюка кожны раз дзеду, калі вярталася з пашы?
“ – Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…”
- Як заканчваецца казка “
Піліпка-сынок”?
“ А Піліпка прыляцеў з гусямі дахаты. Зарадаваліся бацькі, што Піліпка вярнуўся, пасадзілі яго за стол, пачалі частаваць. А гусям далі аўса. Тут і казка ўся.”
Настаўнік. Вось якая прыгожая стала наша кветачка! Чым каштоўна і непаўторна яна? (Дзеці называюць словы, запісаныя на прымацаваных пялёстках)
Як адным словам назваць усе гэтыя творы? (Фальклор)
Якія творы вам больш даспадобы? Чаму?
З якімі творамі вы хацелі б пазнаёміцца болей?
Думаю, што многія з вас зацікавіліся беларускай народнай творчасцю.
Сапраўды, таленавіты наш беларускі народ. Ён мае выдатныя песні, танцы, абрады. Мы павінны іх ведаць, каб перадаць нашчадкам.
Мала ганарыцца мастацтвам свайго народа ў мінулым, трэба быць годным пераемнікам лепшых традыцый.
- Я думаю, што многія з вас захочуць стаць прыёмнікамі народных традыцый, і можа быць у будучыні, праславяць сваё імя і свой край.
Рэфлексія.
- На партах у вас ляжаць «сонейкі». Калі вам было лёгка, радасна і цікава на ўроку, падарыце «сонейку» сваю ўсмешку, а калі - цяжка і сумна, няхай ваша «сонейка» адпачне.
- Дзякуй за ўрок! Шчасця вам, здароўя і дабра.
