Ігнацій Ходзька
УСПАМІНЫ КВЕСТАРА
(фрагменты з аповесці)
ПРАДМОВА ВЫДАЎЦА
Між Білгараем і Тарнаградам у лядачай карчме святое памяці кс. біскуп Вармінскі знайшоў бясцэнны скарб: "Успаміны Грумдрупа"
1, бессмяротнага чалавека, які, пэўна, і цяпер бадзяецца дзесьці па свеце. Я
Ў месце, назву якога не скажу,
Бо гэта нічога не зменіць2,
у пакінутым і апустошаным кляштары, колісь ксяндзоў-бернардынаў, знайшоў гэты "опус у скураным пераплёце"3, надаўшы якому пэўны парадак і адпаведна зместу назваўшы, прыўлашчыў яго да свае ўбогае галерэі малюнкаў4 і падаю да ўвагі чытача. Вартасць гэтага твора ў адносінах да "Гісторыі, падзеленай на дзве кнігі" будзе, напэўна, як квестар да біскупа.
УСТУП АЎТАРА
Учора паклікаў мяне раніцою пан ваявода ў сваю канцылярыю і запытаўся:
– А ці хадзіў, вашэць, святы ойча (гэта нязменная прыказка пана ваяводы), у школы?
Я моцна здзівіўся гэтаму пытанню і адказаў:
– Аж да паэтыкі inclusive5, Яснавяльможны пане!
– А чаму, вашэць, не слухаў рыторыку?
– Прадбачыў, Яснавяльможны пане, што наслухаюся рыторыкі на службе ў вялікіх паноў.
– Ого! Бачна лёкая. I хоць вашэць не рытар, але патрапіш пісаць currente calamo6 пад дыктоўку.
– Гэта й добры інфіміст здолее, – адказаў я, падкруціўшы вус.
Пан ваявода зразумеў, што ён зусім незвычайнае задаў мне пытанне.
– Не гневайся, святы ойча! – сказаў ён. – Ксёндз-капелан, які, як ведаеш, выконвае ў мяне і функцыю сакратара, сёння хворы; дык мусіш яго замяніць, хоць гэта й не ўваходзіць у твае, маршалка майго двара, абавязкі; але, святы ойча, дамовімся з табою пра плату за клопат, а тым часам сядай і пішы ліст, які я буду табе дыктаваць. Усё там прыгатаванае: папера, пёры etc.
Я сеў за стол і, падрыхтаваўшыся, сказаў:
– Я гатовы!
Пан ваявода запаліў люльку ля каміна і, прайшоўшы колькі разоў па пакоі, пачаў:
– "Вяльможны мосці дабрадзею!" – з выкрунтасам.
– Ёсць – "з выкрунтасам".
– Як? Што гэта, вашэць, напісаў? – запытаўся ваявода, зірнуўшы праз мае плячо на паперу.
– Тое, што Яснавяльможны пан дыктаваў.
– Кінь, вашэць, з мяне жартаваць. Навошта дурнем прыкідваешся, калі ім не з'яўляешся?
– Як жа Яснавяльможны пан так хутка пазнаў мой розум, калі толькі што сумняваўся, ці хадзіў я да інфімы?
– Ну, ну, хопіць. Вазьмі іншы аркуш паперы ды пішы зноў.
– Дык Яснавяльможны пан хоча, каб я "дабрадзею!" per abbreviationem7.
– Так, відавочна, так. Бачыш, можна дадумацца, што азначае "з выкрунтасам".
– Так, сапраўды дадумаўся, але варта пану, які, пэўна, і рыторыку прайшоў, і акадэмію наведваў, дыктаваць per abbreviationem, як часта здаралася чуць мне ў школах, дзе аніякія выкрунтасы не праходзілі дарэмна і дзе добрую лупцоўку меў за іх у суботу.
Усміхнуўся ваявода, пусціў колькі густых клубоў дыму і, падумаўшы, сказаў:
– Ведаеш што? А ці не лепей бы па даўняму звычаю пачаць так: "Мой міласцівы пане браце"!
– І мне эдаецца, што лепей.
– Але бачыш, святы ойча, гэтае фальшывае старасвецкае сваяцтва ўжо выходзіць з моды; і, праўду кажучы, шляхціц не вельмі любіць, калі з ім братаецца пан, бо яму ў адказ немажліва пана назваць братам; бадай, лепей: "Вяльможны Мосці Дабрадзею!" – так кожнаму роўна дастаецца. Асноўная ўвага сёння надаецца пасадам, якія й брат шляхціц часта займаё; гэтак усе задаволеныя. Пішы, святы ойча, як я раней дыктаваў... толькі, чакайі! Справа такая. Гэты пан падстолі potens8 у сваім павеце, але не вельмі зычлівы да мяне,.... як пакрыўдзіцца за "выкрунтасы", палічыць іх абразаю ды стане ў адказ свае выкрунтасы плесці, каб нашым соймікавым імпрэзам перашкодзіць, план якіх, у Варшаве складзены, я атрымаў; уласна, гэтым лістом я запрашаю яго паразумецца... Пішы: "Дабрадзею!" Поўнасцю.
Пасля ваявода прадыктаваў увесь ліст дастаткова гладка й прыстойна, аднак напрыканцы зноў пачаў задумвацца і, узяўшы пяро, каб падпісацца, запытаўся:
– Як думаеш, святы ойча, "шчырым" ці "найніжэйшым слугою"?
– А як бы Яснавяльможны пан напісаў, калі б не соймік?
– Вядома, толькі "шчыры", а можа, абышлося і без гэтага.
– Ну то я раю Яснавяльможнаму пану напісаць цяпер "шчыры, бо падстолі зразумёе, што толькі перад соймікам пан ваявода "ягоны найніжэйшы слуга", а пасля і "шчырым" не будзе.
– Мудра кажаш, святы ойча! Стары соймікавы Юда не дасць сябе ашукаць... а таму non tam libenter quam reverente9.
I, няспешна прамаўляючы гэта нібы пратэст, ваявода падпісаўся "шчырым слугою".
– Ну, цяпер, святы ойча, перапішы гэты ліст, можна толькі змест, ad continuationen10 мой дыярыюш, гэта значыць, вунь тую кнігу пад сённяшняю датаю; а пасля ліст заклеіш, падпішаш канверт і адправіш адмысловым пасланцом.
Сказаўшы гэта, ваявода выйшаў, а я разгарнуў паказаную мне вялікую, напалову ўжо спісаную кнігу. Почырк у ёй быў розны: і самога ваяводы, і ксяндза-капелана, і іншых; змест так-сама быў розны. Запісвалі сюды пра грамадскія ды прыватныя справы і выпадкі, пра штодзённае жыццё нашага маёнтка, распараджэнні камісарам, інструкцыі паўнамоцным паслам на паседжанні суда і на трыбунал; апрача гэтага і часцей за ўсё – апісанні соймікаў, на якіх маршалкам быў пан ваявода, падарожжаў, лістоў і адказаў, асобных важнейшых – per extensum11, асобных – у пераказе. Таксама разнастайныя навіны і выпадкі ў краіне, прамовы й выступы як in publiko12 самога пана ваяводы, так і іншых вядомых прамоўцаў, а нават і размаітыя гісторыі, вясёлыя показкі ды вершы, апавяданыя прыезджымі, што бачылі свет – усё, што ваяводзе спадабалася; нарэшце, асобныя цікавыя прароцтвы, а таксама лекарскія сакрэты і тайны на розныя хваробы як людзей, так і коней, што я сабе перш-наперш перапісаць вырашыў. Словам, – гэта вельмі цікавая і карысная кніга.
На першай старонцы наш каханы і мудры ксёндз Мацей, капелан, на-маляваў хоць атрамантам, але прыгожа й дасканала герб пана ваяводы над брамаю, а пад ім такі напісаў верш:
Адчынена брама па волі нябёс
Дзеля Тадэвуша13 цнотаў,
Шляхам такім нязменна ідучы,
Мецьме вольны ўваход у Неба Еўропы.
Відавочна за гэтую вынаходку ксёндз Мацей атрымаў ад ваяводы срэбраную табакерку. Адклаўшы на больш вольны час чытанне й перапісванне кнігі, я ўзяўся за выкананне загаду Яснавяльможнага гаспадара: капіраванне майго ліста да пана падстолія.
На старонцы, дзе мне належала пісаць, уверсе ўжо было штосьці занатавана, а збоку незнаёмаю рукою напісана лацінская сентэнцыя, вядомая кожнаму, хто служыць пры двары: "Dum suberant, subera suberare memento”14.
– А гэта ж, – падумаў я, – Пан Бог дае мне перасцярогу. Ваявода толькі што казаў, што за сакратарскі клопат будзе ўзнагарода; вось ён mementum suberare subera ; дадаўшы да гэтага панскія сумненні, ці хадзіў я ў школу ... summa facit15 – атласны жупан. Дык узяў аркуш паперы і напісаў: "У якасці платы за сакратарскую працу, а так-сама прызнаючы прыкладную руплівасць у школах маршалка майго двара ягамосця Міхала Лаўрыновіча, дарую яму з крамы купца Абрама ў Полацку палевага атласу u echcie16 на жупан дзевяць локцяў Datur 178...”.
Толькі закончыў пісаць і заклеіў ліст, як увайшоў ваявода.
– А што, святы ойча, гатова? – запытаўся ён.
– Яшчэ трэба адзін подпіс, Яснавяльможны пане. – І падаў "квіток".
Ён прачытаў, пакруціў галавою ды засмяяўся. Я адразу стаў спадзявацца на добрае.
– Няхай і так будзе, – сказаў. – Адмысловыя жарты. Але навошта ж так шмат атласу? А ці нельга per abbrevationem? Напрыклад, локцяў пяць?
– Нельга, Яснавяльможны пане, бо будзе жупан з фальшам, а я праўдаю хачу жыць на свеце.
– Цяжка адмовіць; на ўсё маеш прыгатаваны адказ. – I падпісаў.
Я вярнуўся ў свой пакой у выдатным настроі, а запаліўшы люльку і папіваючы піва, думаў сабе то пра тое, то пра сёе; і прыйшла мне думка пра цудоўную кнігу пана ваяводы; вось каб гэта я такую пісаць пачаў? Разважаў пра довады pro i contra17.
– Навошта мне лішняя18 праца? Калі б яшчэ быў жанаты... дык на памятку дзецям...
– А хто ведае? Можа й ажанюся? Панна Рахеля, рэспектовая19 ваяводзіны, ласкава на мяне пазірае...
– Цьфу, на ліха, – думаў зноў, – тая лішняя праца... Цялер вольная галава... Можа, шайтан спакушае? Але, зрэшты, жыццё ў мяне свецкае, дворскае; не з аднае печы хлеб еў і не з аднае здарыцца яшчэ есці. Што ж тут кепскага мець сабе ў старасці ў цёплай хаце што пагартаць? Галаву сабе ламаць не буду, бо не тэолаг і не езуіт, а Заіла не баюся, бо не на publikum, але sibi soli20 пісаць буду. Дык –
Adsis incertis Benigna Virgo meis!21
ПОЛАЦКІ СОЙМІК ВА УШАЧАХ
следующая страница>