Перейти на главную страницу
Значны ўклад у развіццё тэорыі і практыкі красамоўства на Беларусі ўнеслі Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і інш.
Як адзначаюць даследчыкі, у ХУІ – ХУП стст. у сувязі з пашырэннем адукацыі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага адбываецца росквіт рыторыкі і павышэнне яе ролі ў грамадстве. У многіх беларускіх гарадах (Полацку, Нясвіжы, Брэсце, Пінску, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Жодзішках, Слоніме, Драгічыне, Вільні, Іўі, Шклове і інш.) адкрываюцца езуіцкія калегіумы, пратэстанцкія і праваслаўныя брацкія школы. Праграма навучання ў гэтых установах уключала граматыку, філасофію, матэматыку, геаграфію, астраномію, багаслоўе, рыторыку. Найбольш буйнымі адукацыйнымі цэнтрамі ВкЛ былі Віленская і Кіева-Магілянская акадэмія, у якіх вучыліся і выкладалі вядомыя майстры красамоўства М. Сматрыцкі, М. Сарбеўскі, К. Каяловіч, С. Полацкі, Ф. Пракаповіч і інш.
Базавы адукацыйны курс схаластычнай навучальнай установы складаўся з пяці класаў, вышэйшымі з якіх былі паэтыка і рыторыка. Даволі шматлікай і разнастайнай была рытарычная літаратура гэтага часу. Гэта былі лекцыі і падручнікі, напісаныя, у асноўным, на лацінскай мове (напр., курс лекцый С. Ляўксміна “Правілы рытарычнага мастацтва і аратарская практыка”, 1631-1635, падручнік Ф. Пракаповіча “Аб рытарычным мастацтве”, 1706 г.), дапаможнікі (кампендыумы), у якіх падаваўся тэарэтычны і практычны матэрыял (кампендыумы К. Каяловіча “Першая і другая частка рытарычных настаўленняў”, 1654 г., А. Рэйнгольда “Дапаможнік па рыторыцы .. для карыстання ў Слуцкім ліцэі”, 1629 г.), рытарычныя трактаты (А. Вардацкага “Палітычны аратар..”, 1660, М. Сарбеўскага “Аб фігурах думкі”, 1627 г. ), падручнікі па царкоўным красамоўстве (К. Каяловіча “Шэсцьдзесят спосабаў складання разнастайных сакральных прамоў”, 1645, І. Галятоўскага “Навука, або спосаб складання пропаведзей”, 1659), практычная рыторыка (М. Карвоўскі “Твор майстэрскага красамоўства”, 1692, С. Полацкі “Практычная рыторыка”, 1653).
Ф.Скарына падкрэсліваў неабходнасць вывучэння рыторыкі, побач з граматыкай, дыялектыкай, арыфметыкай, геаметрыяй, астраноміяй і музыкай, у прадмове да Бібліі азначае рыторыку як красамоўства: “Аще ли же помыслиши умети риторику, еже ест красомовность, чти книги Саломоновы”.
Аналіз прадмоў і пасляслоўяў Ф. Скарыны, падрыхтаваных да перакладзеных і выдадзеных ім біблейскіх кніг, паказвае, што ён цудоўна валодаў тэорыяй і практыкай красамоўства. Яго творы можна назваць узорам рытарычнай прозы старабеларускага перыяду. Яны вызначаюцца строгасцю кампазіцыйнай будовы, якая адпавядае класічнай трохчастковай структуры. У сваіх тэкстах Ф.Скарына актыўна выкарыстоўвае рытарычную схему інвенцыі – этас, логас, пафас. Глыбока ўсведамляючы вялікую адказнасць сваёй працы, узрушаны высакароднасцю місіі перакладчыка Кнігі ўсіх часоў і народаў, Скарына напаўняе свае прадмовы страсным пафасам і эмацыянальнасцю, паказваючы сваю неабыякавасць да зместу твора. Шчырасць і сціпласць перакладчыка, яго сур’ёзнае стаўленне да сваёй працы, добразычлівасць павінны былі, несумненна, выклікаць пачуццё павагі і даверу. Эфектыўнасць выкладу ўзмацняецца яго аргументаванасцю, важкасцю доказаў, выкарыстаных Ф. Скарынам для пераканання чытачоў, якім ён адрасуе свае прадмовы і пасляслоўі.
Выдатны асветнік і пісьменнік, Ф. Скарына цудоўна ўсведамляў, што для дасягнення поспеху сваіх выданняў неабходна выклікаць цікавасць чытачоў, звярнуць іх увагу, пераканаць у вартасці і неабходнасці яго перакладчыцкай працы. З гэтай мэтай аўтар прадмоў і пасляслоўяў выкарыстоўвае прыёмы актывізацыі ўвагі. Скарына будуе свае прадмовы такім чынам, што яны пераўтвараюцца ў канструктыўны дыялог з чытачом, выкарыстоўвае для гэтага камунікатыўныя займеннікі мы, вы (мы, христиане, .. потребуем речи вечное душного спасения); дзеяслоўныя формы другой асобы, якія выражаюць зварот да чытачоў (А можете тым именем называти вси книги Ветхаго и Новаго закону); дзеяслоўныя формы першай асобы множнага ліку, якія называюць сумеснае дзеянне (Чтимы ж уставичне светое Еувангелие); формы загаднага ладу, якія перадаюць зварот да чытачоў (прочитай книги Иисуса Сирахова); форму пытанняў і адказаў, якая надае тэксту характар размовы (И что ест, чего в псалмох не найдешь? Там ест справедливость.); устаўныя канструкцыі, пабочныя і адасобленыя словы, словазлучэнні, якія носяць характар каментарыя і ствараюць уражанне непасрэднасці зносін з чытачом (.. грамматику, или, по рускы говорячы, грамоту; учити музики, то ест певници;).
З мэтай дасягнення займальнасці выкладу Ф. Скарына актыўна выкарыстоўваў разнастайныя сродкі выяўленчай выразнасці – тропы і фігуры. Нагляднасці выказвання, засваенню зместу праз канкрэтны вобраз садзейнічаюць ужытыя Ф. Скарынам параўнанні і супастаўленні (Яко бо злато искушается огнем, тако и святии божии терпением); эпітэты (учитель вселенский, живот вечный); перыфразы (брак духовный, хлеб небесный = вера); антытэзы (мудрому и безумному, богатому и вбогому, младому и старому).
Лепшаму засваенню зместу прамоў, іх выразнасці садзейнічае рытмізацыя маўлення, якую стварае аўтар, выкарыстоўваючы разнастайныя фігуры: анафару, паралелізм сказаў, эпіфару, інверсію, ампліфікацыю. Эмацыянальнасці выкладу спрыяе інтанацыйнае афармленне асобных сінтаксічных канструкцый, выкарыстанне рытарычных пытанняў і зваротаў. Ажыўляе апавяданне ў прадмовах Ф. Скарыны частае цытаванне вядомых біблейскіх выразаў.
Усё вышэй сказанае дае падставу сцвярджаць, што наш славуты першадрукар цудоўна валодаў асноўнымі прыёмамі красамоўства, быў добра знаёмы з традыцыямі класічнай рыторыкі, па-майстэрску выкарыстоўваў іх у сваіх прадмовах і пасляслоўях.
Культурна-асветніцкія традыцыі Ф. Скарыны развіваў яго паслядоўнік, гуманіст, асветнік, гісторык, філосаф, сацыёлаг Сымон Будны (к. 1530 – 1593 гг.). Нарадзіўся ў Польшчы ў сям’і дробнага шляхціча. Закончыў факультэт вольных мастацтваў Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, настаўнічаў у пратэстанцкай школе ў Вільні, быў кальвінісцкім прапаведнікам у Клецку. Заснаваў у Нясвіжы друкарню і выдаў на беларускай мове “Катэхізіс”, “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам” і іншыя творы. Пасля стаў прадстаўніком рэфармацыйнага руху. У прысвячэннях і прадмовах да выдадзеных ім кніг, у прапаведніцкіх прамовах і дыскусіях ён паказаў высокія ўзоры прамоўніцкага майстэрства. Яго творы вызначаліся эмацыянальнасцю і пераканальнасцю доказаў, багатым інтанацыйным афармленнем, публіцыстычным пафасам і па-сапраўднаму мастацкай вобразнасцю. Яго заклікі да развіцця літаратуры і культуры на беларускай мове садзейнічалі фарміраванню нацыянальнай свядомасці беларускага грамадства.
В. Цяпінскі паказаў сваё аратарскае майстэрства ў прадмове да “Евангелля”, у якой аўтар рашуча выступіў у падтрымку роднай мовы, супраць яе паланізацыі. З вялікім пачуццём нацыянальнай годнасці гаворыць ён пра слаўнае гістарычнае мінулае беларускага народа, усхвалявана і эмацыянальна заклікае захоўваць духоўную спадчыну свайго народа як частку агульнай славянскай культуры.
Пэўны ўклад у развіццё практыкі красамоўства ўнёс Леў Сапега (1557 – 1633 гг.), канцлер Вялікага княства Літоўскага. Нарадзіўся ў в. Астроўна на Віцебшчыне ў сям’і магната. Адукацыю атрымаў у Нясвіжы і Лейпцыгскім універсітэце. Быў прызначаны пісарам Вялікага княства Літоўскага, пасля – падканцлерам і, нарэшце, вялікім канцлерам. Пад яго кіраўніцтвам і з яго прадмовамі быў выдадзены Статут Вялікага княства Літоўскага. Выступленне Сапегі на Варшаўскім сейме 1588 года ў абарону Статута ВКЛ з’яўляецца сапраўдным узорам парламенцкай прамовы
Творы аратарскага мастацтва ў к. ХУІ – пач. ХУП стст. выконвалі важную ролю ў барацьбе паміж прыхільнікамі і праціўнікамі царкоўнай уніі. Гэта палемічныя трактаты, пропаведзі, павучанні, казанні, пасланні, якія вызначаліся вострай рэлігійна-палітычнай накіраванасцю. Яны адрозніваліся высокім узроўнем прамоўніцкага мастацтва, многія з іх уяўлялі сабою ўзоры рытарычнай прозы і царкоўна-багаслоўскага красамоўства ХУІ – ХУП стст.
Таленавітымі майстрамі царкоўнага красамоўства былі пісьменнікі-палемісты, царкоўныя і дзяржаўныя дзеячы П.Скарга, І. Пацей, С. Зізаній, Х. Філалет, Л. Карповіч, М. Сматрыцкі, А. Філіповіч .
Іпацій Пацей (1541 – 1613 гг.) – беларускі пісьменнік-палеміст, дзяржаўны, палітычны і царкоўны дзеяч. Нарадзіўся на Брэстчыне ў багатай сям’і, выхаванне і адукацыю атрымаў пры двары князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Скончыў Кракаўскую акадэмію. У 1589 г. быў прызначаны брэсцкім кашталянам. Пасля смерці жонкі пастрыгся ў манахі, узначальваў Уладзіміра-Брэсцкую епіскапскую кафедру. Быў адным з арганізатараў Брэсцкай уніі 1596 г., з 1599 г. – уніяцкім мітрапалітам.
Напісаў некалькі соцень прамоў і павучанняў, у якіх выступаў супраць прыхільнікаў праваслаўя. Яго творы па праву лічацца характэрнымі ўзорамі ўніяцка-каталіцкай рыторыкі к. ХУІ – пач. ХУП ст. У прамовах і павучаннях выкарыстоўвае разнастайныя моўна-выяўленчыя сродкі – іншасказанні і алегорыі, эпітэты, параўнанні, перыфразу, рытарычныя фігуры, імператыўныя формы, элементы размоўнага стылю, якія ўзмацнялі выразнасць, садзейнічалі стварэнню эмацыянальнага напалу апавядання, актывізавалі ўвагу чытача.
Быў ініцыятарам і прапагандыстам Брэсцкай уніі 1596 г. Выдаў на польскай мове некалькі рэлігійна-палітычных твораў уніяцкага напрамку, якія былі перакладзены на беларускую мову І. Пацеем. Лічыцца прадстаўніком польскай і беларускай аратарскай прозы.
У сваіх творах П.Скарга выкарыстоўвае моўныя сродкі выяўленчай выразнасці – этыкетныя маўленчыя формулы, рытарычныя фігуры, элементы размоўнага сінтаксісу, якія садзейнічалі экспрэсівізацыі выкладу.
Лекцыя № 4
Рыторыка ў ХУП і ХІХ стст. у Беларусі
План
2. Уклад у развіццё рыторыкі С. Полацкага.
3. Практыка аратарскага красамоўства ў дзейнасці К. Каліноўскага.
4. Уклад ў развіццё прамоўніцкага мастацтва Ф. Багушэвіча.
5. Прамоўніцкае мастацтва Цёткі.
1. Аратарская дзейнасць беларускіх пісьменнікаў-палемістаў у ХУП ст.:
Пэўны ўклад у развіццё аратарскага майстэрства на Беларусі ўнеслі ў ХУП ст. пісьменнікі-палемісты.
Значны ўклад у развіццё практычнай рыторыкі на Беларусі ўнёс выдатны філолаг, паэт, драматург, перакладчык, педагог і друкар Сімяон Полацкі (Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч) (1629 – 1680 гг.). Нарадзіўся ў Полацку, вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі, праграма якой прадугледжвала вывучэнне паэтыкі і рыторыкі, развіццё навыкаў паэтычнай творчасці, дэкламацыі і тэатральнай пастаноўкі. У 1656 г. Пятроўскі-Сітніяновіч стаў манахам Багаяўленскага манастыра ў Полацку і прыняў імя Сімяона Полацкага, якое стала і яго літаратурным псеўданімам. У брацкай школе пры манастыры ён пачаў педагагічную дзейнасць, дзе пашырыў праграму навучання, увёўшы курсы рускай і польскай моў, паэтыкі і рыторыкі. Ён арганізаваў пры манастыры школьны тэатр, у якім выкладаў асновы выразнага чытання, мастацкай дэкламацыі. Вучыў складаць прывітальныя дэкламацыі, у якіх услаўлялася радзіма і выказвалася вера ў лепшае будучае народа. Быў аўтарам паэтычных зборнікаў «Вертоград многоцветный», “Псалтырь рифмотворная”, “Рифмологион”, дэкламацыі “Метры”, п’есы “Комедия о блудном сыне”, трактата “Жезл правления” і інш.
У другой палавіне ХІХ ст. далейшае развіццё практыка прамоўніцкага мастацтва атрымлівае ў творчасці Кастуся Каліноўскага (Канстанцін Вікенцій Сямёнавіч) (1838 – 1864 гг.) – таленавітага рэвалюцыйнага агітатара і публіцыста. Нарадзіўся ў маёнтку Мастаўляны Гродзенскага павета ў сям’і дробнай шляхты, у 1855 г. закончыў Свіслацкае павятовае вучылішча і адразу ж паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, а праз год – на камеральны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, па заканчэнні якога атрымаў ступень кандыдата права. Быў членам рэвалюцыйнага гуртка. Пасля вяртання на Беларусь заняўся актыўнай рэвалюцыйнай дзейнасцю, стварыў у Гродне нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю. Узначаліў паўстанне 1863-64 гг. Пасля разгрому паўстання быў арыштаваны і пакараны смерцю ў Вільні.
К. Каліноўскі валодаў незвычайнай здольнасцю пераконваць, захапляць сваімі ідэямі і выклікаць глыбокую веру ў вольнае жыццё. Сапраўдны майстар рэвалюцыйнага прамоўніцкага мастацтва, ён пісаў на беларускай мове і распаўсюджваў пракламацыі і адозвы. З мэтай прапаганды рэвалюцыйных ідэй разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім пачаў выдаваць газету “Мужыцкая праўда”, якая мела вялікі поспех у народа, таму што была напісана на “сялянскай” мове – беларускай. Артыкулы, якія Каліноўскі друкаваў у “Мужыцкай праўдзе”, былі напісаны ў форме гутарак, сяброўскай размовы з чытачом як добра знаёмым і блізкім чалавекам. Публіцыстыка Каліноўскага мела экспрэсіўную, эмацыянальна афарбаваную форму. У ёй актыўна выкарыстоўваліся разнастайныя выяўленча-выразныя сродкі, тропы, рытарычныя фігуры, формы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, парэміялагічныя і ідыяматычныя сродкі.
4. Уклад ў развіццё прамоўніцкага мастацтва Ф. Багушэвіча.
Значны ўклад у развіццё беларускага рэвалюцыйнага прамоўніцкага мастацтва ўнёс Францішак Багушэвіч (1840 – 1900 гг.) – беларускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскага павета ў сям’і дробнай шляхты. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, адкуль быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Пасля вяртання на Беларусь настаўнічаў у Доцішках. Прымаў удзел у паўстанні 1863-64 гг., быў паранены, пераехаў на Ўкраіну. Закончыў Нежынскі юрыдычны ліцэй, пасля працаваў следчым суддзёю на Ўкраіне, адвакатам пры акруговым судзе ў Вільні. Калі пакінуў службу, перабраўся жыць у фальварак Кушляны Ашмянскага павета.
З імем Ф. Багушэвіча звязана развіццё на Беларусі судовага прамоўніцкага мастацтва. Любоў да простага народа, заклапочанасць яго лёсам, імкненне палепшыць яго становішча прымушалі Багдановіча брацца за складаныя сялянскія справы аб “супраціўленні ўладам”. Як успаміналі яго сучаснікі, Багушэвіч быў надзвычай красамоўны, яго выступленні ў судзе адрозніваліся глыбокім пранікненнем у сялянскую псіхалогію, разуменнем яго характару. Публіцыстычныя выступленні Ф.Багушэвіча ў абарону роднай мовы садзейнічалі фарміраванню нацыянальнай свядомасці.
5.Прамоўніцкае мастацтва Цёткі.
Майстрам рэвалюцыйнага прамоўніцкага мастацтва па праву лічыцца і Цётка (Алаіза Пашкевіч) (1876 -- 1916) – першая беларуская жанчына-пісьменніца і грамадскі дзеяч. Нарадзілася ў фальварку Пешчын Лідскага павета ў заможнай сялянскай сям’і. Закончыла Віленскую прыватную гімназію. Вучылася на вышэйшых педагагічных курсах у Пецярбургу. Вярнуўшыся на Беларусь, працавала настаўніцай, а пасля фельчаркай у Нова-Вілейскай бальніцы, займалася рэвалюцыйнай дзейнасцю. Была адным з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Каб пазбегнуць рэпрэсій, вымушана была жыць у эміграцыі ў Польшчы, Германіі, Італіі. Нелегальна прыязджала на радзіму, удзельнічала ў выданні газет “Наша доля”, “Наша ніва”, выдавала часопіс для дзяцей і моладзі “Лучынка”. Яе выступленні на мітынгах і сходах вызначаліся рэвалюцыйнай палкасцю, пафасам і эмацыянальнасцю. Яна валодала прафесійнымі навыкамі мастацкага чытання, высокім творчым узроўнем выканальніцкага майстэрства, многа працавала над стварэннем беларускага тэатра, над арганізацыяй першых школ на беларускай мове.
У час вайны працавала сястрой міласэрнасці на фронце, пасля – фельчарам у тыфозным бараку, сама захварэла на тыфус і памерла.
Лекцыя № 5
Рыторыка ў Расіі
План
2. Рыторыка М.В. Ламаносава.
3. Рыторыкі ХІХ ст. Галіча, Давыдава, Кашанскага, Зелянецкага і інш.
4. Развіццё судовага, акадэмічнага і парламенцкага красамоўства ў Расіі ў ХІХ ст.
Станаўленне рыторыкі ў Расіі ў значнай ступені звязана з дзейнасцю Міхаіла Васільевіча Ламаносава (1711 -- 1765). М.В. Ламаносаў – першы рускі вучоны-прыродазнавец сусветнага значэння, мастак, гісторык, паэт, прыхільнік развіцця айчыннай асветы, навукі і эканомікі, заснавальнік малекулярна-кінетычнай тэорыі. Значны ўклад унёс Ламаносаў у развіццё граматыкі, стылістыкі і рыторыкі.
Сваю першую рыторыку “Краткое руководство к риторике на пользу любителей сладкоречия” Ламаносаў напісаў у 1743 г., калі яму было ўсяго 32 гады. У 1748 г. ён напісаў падрабязную (“пространную”) рыторыку “Краткое руководство к красноречию. Книга первая, в которой содержится риторика, показующая общие правила обоего красноречия, то есть оратории и поэзии, сочиненная в пользу любящих словесные науки”, якая мела бліскучы поспех і перавыдавалася двойчы пры жыцці аўтара і яшчэ сем разоў пазней. Гэта былі першыя друкаваныя, напісаныя на рускай мове, агульнадаступныя дапаможнікі па красамоўстве, якія сталі настольнай кнігай для многіх адукаваных чытачоў.
Змест як кароткай, так і падрабязнай рыторыкі сведчыць аб тым, што М.В. Ламаносаў быў добра знаёмы з класічнай рыторыкай, цудоўна ведаў сачыненні Арыстоцеля, Цыцэрона, Квінтыліяна і іншых аўтараў, абапіраўся на іх традыцыі. Ва ўступе да падрабязнай рыторыкі аўтар падае вядомае азначэнне красамоўства: “Красноречие есть искусство о всякой материи красно говорить и тем преклонять других к своему об оной мнению”. У гэтым азначэнні ён умела, арганічна злучыў значэнне ролі красамоўства, прынятае ў старажытнагрэчаскай рыторыцы (мастацтва пераконваць) і старажытнарымскай (мастацтва прыгожа гаварыць).
Услед за класічнай рыторыкай Ламаносаў сцвярджае неабходнасць для таго, хто жадае быць дасканалым рытарам, навучыцца ўсім навукам, а асабліва гісторыі і філасофіі. Для развіцця аратарскага майстэрства, як указвае Ламаносаў, патрабуецца пяць умоў: прыродныя здольнасці, навука, перайманне аўтараў, практыкаванні ў сачыненні, веданне іншых навук. Гэтыя разважанні, як бачна, супадаюць з поглядамі Цыцэрона на асобу аратара.
Пераклікаецца з антычнай традыцыяй і выдзяленне Ламаносавым трох тыпаў прамоў і вызначэнне іх мэты: указальная прамова (мэта – пахвала або асуджэнне) , дарадчая (угавор або адгавор) і судовая (апраўданне або абвінавачванне).
У падрабязнай рыторыцы Ламаносаў выдзяляе тры асноўныя, традыцыйныя для класічнай рыторыкі, часткі, якія ўключаюць тры этапы падрыхтоўкі да выступлення: 1) Аб вынаходніцтве; 2) Аб упрыгожванні; 3) Аб размяшчэнні. Першую частку Ламаносаў прысвячае мастацтву складаць прамовы, у другой разглядае прыёмы ўпрыгожвання маўлення, у трэцяй апісвае спалучэнне частак прамовы ў адзінае цэлае. У кожнай частцы Ламаносаў падрабязна аналізуе змест адпаведнага этапа падрыхтоўкі прамовы.
Так, у першай частцы “Аб вынаходніцтве” ён гаворыць пра структуру ідэй, падзяляючы іх на простыя (тэрміны) і складзеныя (тэмы), разглядае агульныя месцы (топасы), паказвае, як развіваюцца ідэі, прыводзіць прыклады розных сілагізмаў, указвае на важнасць высокіх маральна-этычных якасцей аратара, які валодае сілай думкі, здольны прывесці важкія аргументы ў доказ сваёй праваты і вызначаецца страснасцю, пафаснасцю і эмацыянальнасцю выступлення.
У другой частцы “Аб упрыгожванні” Ламаносаў дае азначэнне ўпрыгожвання як выяўленне вынайдзеных ідэй прыстойнымі і выбранымі выразамі, якое залежыць ад чыстаты стылю (фарміруецца ў выніку грунтоўнага ведання мовы, частага чытання добрых кніг, зносін з адукаванымі людзьмі), ад мілагучнасці маўлення (абумоўлена правільным размяшчэннем складоў з націскам, выказванняў, перыядаў і іх частак, прыёмамі эўфаніі) , ад пышнасці слова, якую надаюць яму тропы і фігуры. Ламаносаў падрабязна разглядае тропы і фігуры як асноўныя слоўныя сродкі ўпрыгожвання маўлення, распрацоўвае іх класіфікацыю і крытэрыі размежавання.
Трэцяя частка “Аб размяшчэнні” прысвечана аналізу “соединения изобретенных идей в пристойный порядок” .
Звяртае на сябе ўвагу той факт, што Ламаносаў не пераносіць механічна каноны класічнай рыторыкі на матэрыял рускай мовы, а ўмела прыстасоўвае асновы навукі аб аратарскім майстэрстве да нацыянальнай глебы роднай мовы. Ламаносаў, “бацька расійскага красамоўства”, як справядліва назваў яго Карамзін, ствараючы вучэнне аб аратарскім майстэрстве, абапіраўся на традыцыі антычнай рыторыкі, але імкнуўся надаваць гэтаму вучэнню нацыянальны характар, прымяніць яго да рускай літаратурнай мовы.
У сваёй рыторыцы Ламаносаў даў поўнае асвятленне асноўных этапаў падрыхтоўкі аратарскага выступлення, падаў сістэмнае апісанне якасцей прыгожага маўлення, разгледзеў розныя прыёмы і сродкі яго стварэння, паказаў характарыстыкі розных жанраў сучасных яму публічных выступленняў.
У ХІХ ст. у Расіі адна за адной выходзяць рыторыкі розных аўтараў. Аляксандр Іванавіч Галіч – выкладчык філасофіі ў Пецярбургскім універсітэце, расійскай і лацінскай славеснасці ў Царскасельскім ліцэі, адзін з настаўнікаў А.С. Пушкіна. Напісаў «Теория красноречия для всех родов прозаических сочинений» (СПб., 1830), у якой красамоўства называе навукай, якая вызначае прынцыпы арганізацыі празаічных тэкстаў. Галіч распрацоўвае прынцыпы пабудовы ўзорнай прамовы, выдзяляе і апісвае асноўныя якасці дасканалага аратарскага маўлення – чыстату, правільнасць, яснасць, пэўнасць і дакладнасць, адзінства тэксту, лаканічнасць, выразнасць, мілагучнасць. Аратар павінен імкнуцца да змястоўнага, немнагаслоўнага маўлення, максімальнай сэнсавай дакладнасці і выразнасці тэксту.
У 1844 г. былі апублікаваны “Правила высшего красноречия” Міхаіла Міхайлавіча Спяранскага, складзеныя на аснове прачытаных ім лекцый у Галоўнай семінарыі пры Аляксандра-Неўскім манастыры ў Пецярбургу. Неаднаразова перавыдавалася кніга “Опыт риторики”, напісаная першым рэктарам Харкаўскага ўніверсітэта акадэмікам Іванам Сцяпанавічам Рыжскім. У Маскоўскім універсітэце Аляксандр Фёдаравіч Мерзлякоў напісаў “Краткую риторику, или Правила, относящиеся ко всем родам сочинений прозаических”. Прафесар Царскасельскага ліцэя Мікалай Фёдаравіч Кашанскі склаў падручнікі агульнай і прыватнай рыторыкі, якія перавыдаваліся некалькі разоў. Прафесар Адэскага Рышэльеўскага ліцэя Канстанцін Пятровіч Зелянецкі напісаў “Исследование о риторике и ее наукообразном содержании и в отношении, какое имеет она к общей теории слова и логики”. Названыя рыторыкі працягвалі ў асноўным традыцыі класічнай рыторыкі.
У ХІХ ст. У Расіі актыўна развіваецца судовае красамоўства. Гэтаму садзейнічала ўвядзенне суда прысяжных, заснаванага на прынцыпе галоснасці і адвакатуры. Да гэтага часу адносіцца дзейнасць цэлай плеяды выдатных рускіх аратараў-юрыстаў: Коні, Плявака, Парахаўшчыкова, Андрэееўскага, Урусава, Арсеньева, юрыстаў-беларускаў Храптовіча, Даніловіча, Каліноўскага, Спасовіча, Багушэвіча і інш. Заснавальнікамі судовага красамоўства па праву называюць А.Ф. Коні і П.С. Парахаўшчыкова.
5. У ХІХ ст. у Расіі даволі высокага ўзроўню развіцця дасягнула акадэмічнае красамоўства.. Яркімі прадстаўнікамі яго былі Мендзялееў, Ключэўскі, Ціміразеў, Боткін, Скліфасоўскі. Развіваецца парламенцкае красамоўства.
Нягледзячы на развіццё ў ХІХ ст. судовага, акадэмічнага і парламенцкага красамоўства, цікавасць да рыторыкі паступова страчваецца. Ужо ў канцы ХІХ ст. у назвах вучэбных дапаможнікаў слова рыторыка замяняецца словам славеснасць. У пачатку ХХ ст. рыторыка лічыцца аджыўшай навукай, яе называюць старажытным аратарскім пылам.
У савецкі перыяд рыторыка выключаецца з вучэбнага плана вузаўскай і школьнай падрыхтоўкі як буржуазная навука, якая вучыць напышліваму і знешне прыгожаму, але беззмястоўнаму маўленню.
Адраджэнне рыторыкі, якое пачалося ў 60-х г. XX ст., было абумоўлена дэмакратызацыяй грамадскага жыцця. Любая лібералізацыя сацыяльнай сістэмы абумоўлівае гуманізацыю грамадства. Калі ў палітычным жыцці ўдзельнічаюць шырокія масы розных сацыяльных пластоў, павышаецца інтарэс да індывідуума, кожны грамадзянін атрымлівае магчымасць выказаць сваю думку, і валоданне словам становіцца неабходнай умовай яго ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Рыторыку сталі паступова ўключаць у вучэбныя планы вышэйшай і сярэдняй школы. Рыторыку нашага часу называюць новай рыторыкай або неарыторыкай. Цэнтральнай яе праблемай з’яўляецца праблема маўленчага ўздзеяння і ўзаемадзеяння.
Пытанні і заданні:
1.Як адбывалася станаўленне і развіццё тэорыі і практыкі рытарычнай дзейнасці ў Старажытнай Грэцыі?
2.Як развівалася рыторыка ў Старажытным Рыме?
3.Што характэрна для развіцця рыторыкі ў эпоху Сярэдневякоўя і Адраджэння?
4.Як развівалася рыторыка на Беларусі?
5.Ахарактарызуйце развіццё рыторыкі ў Расіі.
1. Алпатов, В.М. История лингвистических учений: учеб. пособие / В.М. Алпатов. – М.: Язык и славянские культуры, 1998. – 368 с.
2. Аннушкин, В.И. Русская риторика: исторический аспект: учеб. пособие / В.И.Аннушкин. – М.: Высшая школа, 2003. – 397 с.
3. Античные теории языка и стиля: Антология текстов: перевод / под. ред. О. Фрейденберг. – СПб.: Алетейя, 1996. – 363 с.
4. Аристотель. Риторика / перевод О.П.Цыбенко, под ред. О.А. Сычева и И.В. Пешкова; Поэтика / перевод В.Г. Аппельрота, под ред. Ф.А. Петровского / Комментирующая статья В.Н Маркова. – Аристотель. – М.: Лабиринт, 2007. – 256 с. Изд. 2, перер.
5. Булыка, А.М. Красамоўства ў Беларусі: Хрэстаматыя / А.М.Булыка, Л.М. Мінакова, А.А.Станкевіч. – Мн.: Універсітэцкае, 2002. – 181 с.
6. Вомперский, В.П. Стилистическое учение М.В. Ломоносова и теория трех стилей / В.П. Вомперский. – М., 1970. – 210 с.
7. Грановская, Л.М. Риторика / Л.М. Грановская / Бакинский славянский университет / Под общей ред. к.ф.н. В.А.Плотниковой. – М.: Азбуковник, 2004. – 218 с.
9. Граудина, Л.К. Русская риторика / Л.К. Граудина, Г. И. Кочеткова. – М.: Центрполиграф, 2001. – 668 с.
11.Ломоносов, М.В. Полн. собр. соч. – / М.В. Ломоносов. – М.; Л.: Академия наук СССР, 1952. – Т.7: Труды по филологии, 1739-1758 гг. / ред. В.В. Виноградов и др.– 996 с.
12. Мячкоўская Н. Рыторыка ў культурах заходніх і ўсходніх славян. Тэндэнцыі развіцця ў ХУ – ХУП стагоддзях / Н.Б. Мячкоўская. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 35 с.
13. Ораторское искусство: Хрестоматия / Автор-сост. Н.Г. Белостоцкая. – М.: Политиздат, 1978. – 192 с.
14. Тронский, И.М. История античной литературы / И.М. Тронский. – М.: Высшая школа, 1957. – 483 с.
15. Хазагеров, Т.Г. Общая риторика: Курс лекций. Словарь риторических приёмов / Отв. ред. Е.Н. Ширяев. – 2-е изд., перераб. и доп. – Ростов н/Д: Феникс, 1999. – 320 с.
16. Цицерон. Три трактата об ораторском искусстве. Пер. с латинского Ф.А. Петровского и др. / Под ред. М.Л. Гаспарова / Цицерон. – М.: Наука, 1972 – 471 с.
17. Станкевіч, А.А. Рыторыка: Вучэб. Дапам. / А.А. Станкевіч. – Мінск: РІВШ, 2010. – 316 с.
План
Важнейшым пытаннем рыторыкі яшчэ з часоў антычнасці з’яўляецца вывучэнне структуры рытарычнай дзейнасці, этапаў падрыхтоўкі да публічнага выступлення. Якім з’яўляецца шлях ад думкі да слова? Як фарміруецца змест выступлення і як ён атрымлівае слоўнае выражэнне? Як зрабіць выступленне цікавым, займальным, пераканальным? На гэтыя і іншыя пытанні даецца адказ у раздзелах рыторыкі, якія вывучаюць паэтапны шлях падрыхтоўкі прамовы: інвенцыю, дыспазіцыю, элакуцыю, акцыю і меморыю. У кожным з гэтых раздзелаў вывучаюцца рытарычныя каноны (узоры аратарскай дзейнасці).
Першыя тры этапы – інвенцыя (папярэдняя падрыхтоўка), дыспазіцыя (размяшчэнне матэрыялу), элакуцыя (слоўнае афармленне) на шляху ад думкі да слова складаюць асноўны прадмет кожнай з трох частак рыторыкі як навукі і практыкі аратарскага майстэрства.
Папярэдняя падрыхтоўка да выступлення, збор матэрыялу, яго размяшчэнне, пошукі разгорнутай сістэмы аргументацыі складалі давербальны этап , слоўнае афармленне – вербальны этап падрыхтоўкі.
Інвенцыя ўключае вызначэнне тэмы і асэнсаванне мэты выступлення, вывучэнне прадмета размовы, мэтанакіраванае і эфектыўнае чытанне, адбор матэрыялу, знаёмства з асноўнымі сэнсавымі мадэлямі выказвання, пошукі сістэмы разгорнутых доказаў, якія абумоўліваюць стратэгію і тактыку прамовы, запіс прачытанага, напісанне тэксту выступлення, вывучэнне аўдыторыі, псіхалагічную падрыхтоўку.
Галоўнае правіла інвенцыі – знайсці, што сказаць.
Як адзначае адзін з тэарэтыкаў красамоўства Кожын Я.А., “аратарскае выступленне – гэта не сума матэрыялаў, сабраных з розных крыніц, а арыгінальны, народжаны ў творчых муках, твор”.
Важнейшай перадумовай поспеху выступлення, яго эфектыўнасці і дзейснасці класічная рыторыка лічыла трыадзіную схему інвенцыі этас, логас, пафас як спосабы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй.
Этас (грэч. ethos “звычай, прывычка”) – адна з частак інвенцыі – прадугледжвае такія маральна-этычныя асобасныя якасці аратара, як сціпласць, добразычлівасць, абаяльнасць, артыстызм, шчырасць, аб’ектыўнасць, упэўненасць, сур’ёзнасць, якія дазваляюць яму ўстанавіць кантакт з аўдыторыяй. Аратар павінен паважаць сваіх слухачоў.
Сакрат адзначаў, што “мы слухаем не мову, а чалавека, які гаворыць”. Таму Квінтыліян справядліва сцвярджаў: “Калі хочаш стаць добрым аратарам, стань спачатку добрым чалавекам”.
“Российская риторика” 1824 года выдання змяшчала раздзел “О нравах”, у якім сцвярджалася, што аратар “необходимо должен иметь нравы добрые и наклонности честные. Слово не меньше должно быть вывескою его добродетели, как и просвещения”.
Этас, такім чынам, дапамагае аратару выклікаць сімпатыю і давер слухачоў сваёй мараллю, што важна для рэалізацыі рытарычнага прынцыпу блізкасці да слухача. У якасці першай умовы поспеху выступлення Арыстоцель, як вядома, раіў аратару: “Гавары праўдзіва”.
Усе вялікія аратары былі людзьмі надзвычай моцнай жыццёвай сілы і энергіі, высокамаральнымі і працалюбівымі. Г.У. Бічар сказаў пра гэта так: “Недапушчальна, каб аратарам стаў прахадзімец. Чалавек, які стане аратарам, павінен мець што сказаць.. Яму павінны быць уласцівы добразычлівасць і спачуванне, якія зліваюць яго з аўдыторыяй і робяць яе часцінкай. Ён уздзейнічае на слухачоў так, што яго ўсмешка албіваецца на іх тварах, яны плачуць яго слязьмі, і біццё яго сэрца адгукаецца ў грудзях усіх прысутных”.
Асабліва важны гэты аспект для інфармуючага дыскурсу ( тыпу лекцыі, даклада, навуковага паведамлення і да т.п.), які вызначаецца інфармацыйнай насычанасцю, лагічнасцю, паслядоўнасцю, дакладнасцю і абгрунтаванасцю выкладу, глыбокай аргументаванасцю і мае пазнавальнае значэнне. У якасці другой умовы поспеху аратара Арыстоцель адзначаў: “Гавары ясна”. Дакладнае ўсведамленне зместу выражаемых паняццяў, лагічных сувязей паміж імі садзейнічае яснасці і дакладнасці выкладу. Як слушна заўважыў Буало : “Хто ясна мысліць, той ясна выкладае”.
Як адзначаў М. Спяранскі, “основание красноречия суть страсти. Сильное чувствование и живое воображение для оратора необходимы совершенно”. Сугучна з гэтай думкай і выказванне Д’Аламбера: “Красноречие – дар потрясать души, переливать в них свои страсти и сообщать им образ понятий”.
Пафас дапамагае аратару крануць аўдыторыю сваім пачуццём і садзейнічае устанаўленню з ёю кантакту, дазваляе рэалізаваць рытарычны прынцып эмацыянальнасці выступлення.
“Правільнае выступленне аратара можна апісаць словамі: упэўненае і разам з тым сціплае, захопленае і разам з тым стрыманае” [3, c .187].
Этас, пафас і логас павінны быць узаемазвязаны і падпарадкаваны адной мэце – уздзеяння на аўдыторыю, адзін з гэтых спосабаў уздзеяння павінен быць дамінуючым, іх выбар залежыць ад характару аўдыторыі (у маладзёжнай аўдыторыі ўзмацняецца этас і пафас, а ў паважнай, сталай аўдыторыі – логас).
Поспех публічнага выступлення, яго эфектыўнасць у многім залежыць ад прадуманай глыбокай папярэдняй падрыхтоўкі, якая ўключае некалькі этапаў.
Важным аспектам інвенцыі з’яўляецца выбар тэмы і асэнсаванне мэты выступлення.
Тэма (грэч. thema “тэма, прадмет”) – прадмет выступлення, які аб’ядноўвае пэўнае кола пытанняў і праблем. Тэма павінна адлюстроўваць змест выступлення, быць актуальнай, выкліканай патрэбамі жыцця, цікавай для слухачоў, ясна, дакладна, і, па магчымасці, сцісла сфармуляванай. Як адзначаў Е.А. Адамаў, “добры аратар умее знайсці новае ў старым, цікавае ў звычайным і жыццёва важнае ва ўсім”.
Пры вызначэнні тэмы неабходна пазбягаць шматслоўных, недакладных або празмерна агульных фармуліровак.
Трэба выбіраць тэму, звязаную з вашым асабістым вопытам, цікавую для вас і вашых слухачоў. Успомнім трэцяе правіла дасягнення поспеху выступлення, сфармуляванае Арыстоцелем: “Гавары тое, што важна”. Большы поспех маюць тэмы, у якіх асвятляюцца розныя пункты гледжання, магчыма палеміка, выказванне розных меркаванняў. Больш складанай лічыцца распрацоўка выступлення на агульную тэму, чым на спецыяльную.
Пры інвенцыі неабходна суадносіць пазамоўны змест і моўнае выражэнне, – форму і змест, – што будзе сказана ў выступленні і як гэта будзе сказана. Тэма вызначае змест тэксту, а змест раскрывае тэму. Тэма ў сваю чаргу арганічна звязана з ідэяй, якая вызначае мэту выступлення. Калі тэма адказвае на пытанне: пра што паведамленне?, то ідэя дапамагае зразумець: дзеля чаго выступленне, якая яго мэта? Пры папярэдняй падрыхтоўцы да выступлення важна дакладна ўсведамляць яго мэту: растлумачыць што-н., апісаць, проста расказаць або прымусіць слухачоў змяніць сваё меркаванне або пераканаць іх у чымсьці. Карысна перад пачаткам падрыхтоўкі пісьмова аформіць, запісаць мэту выступлення.
Тэма лічыцца раскрытай, калі ў выступленні пададзены адказы на ўсе пастаўленыя пытанні, прапануецца важнейшы матэрыял, прыводзіцца дастатковая колькасць фактаў у пацвярджэнне канцэпцыі аўтара.
3. Тыпы матэрыялу, крыніцы і крытэрыі яго падбору, спосабы падачы.
Пры папярэдняй падрыхтоўцы да выступлення важна ведаць асноўныя тыпы матэрыялу, крыніцы і крытэрыі яго падбору, спосабы падачы.
Для раскрыцця выбранай тэмы інфармацыя (сабраны матэрыял) павінна быць дастатковай, канкрэтнай, прадметнай, упарадкаванай, сістэматызаванай і адпавядаць патрабаванням слухачоў
Класічная рыторыка адзначала тры тыпы матэрыялу: 1) эмпірычны, 2) энцыклапедычны, 3) кампаратыўны [2, с. 49]. Эмпірычны матэрыял абапіраецца на дадзеныя, здабытыя самім аўтарам, якія з’яўляюцца вынікам яго самастойнай работы, непасрэднага вывучэння пэўнай праблемы ў працэсе асабістага даследавання. Гэта арыгінальны ўклад аўтара ў распрацоўку тэмы на аснове асабістага вопыту.
Як адзначаецца ў навуковай літаратуры, гэтым тром тыпам матэрыялу адпавядаюць тры этапы яго сістэматызацыі: фазы арыентацыі, выбару і пагружэння. Фаза арыентацыі суадносіцца з эмпірычным матэрыялам. Яна фарміруе агульнае ўяўленне аб змесце выступлення.
Фаза выбару – этап абмежавання інфармацыі канкрэтнымі задачамі і зместам паведамлення, мэта якога -- размежаванне галоўнага і другараднага, істотнага і неістотнага, старога і новага, вядомага і невядомага і г.д. Фаза выбару звязана з выкарыстаннем як эмпірычнага, так і энцыклапедычнага матэрыялу.
Заключны этап папярэдняй падрыхтоўкі – фаза пагружэння, звязаная з карпаратыўным матэрыялам. Яна выяўляе, наколькі ўласныя назіранні аўтара адпавядаюць агульнапрынятым звесткам, ці падмацоўваюцца яны фонавымі ведамі, ці не пярэчаць вядомым фактам.
У класічнай рыторыцы пры разглядзе праблем інвенцыі, акрамя тыпаў матэрыялу і этапаў яго сістэматызацыі, вызначаліся таксама агульныя спосабы падачы матэрыялу, абумоўленыя намерам гаворачага: пазітыўны, негатыўны, нейтральны спосабы. Пазітыўны спосаб падачы матэрыялу меў на мэце выклікаць у слухачоў сімпатыю або спачуванне, негатыўны павінен быў прывесці слухачоў да абурэння, рэзкага асуджэння апісваемых фактаў, нейтральны – падаць канструктыўную, аналітычную інфармацыю, давесці яе да ведама. Кіруемы пэўным намерам, выкарыстоўваючы адпаведную тактыку ўздзеяння на слухачоў, аратар мог прадставіць свой матэрыял у аспекце адабрэння, асуджэння або нейтральна.
Асноўныя крытэрыі адбору матэрыялаў – рэгламент выступлення, даступнасць і навізна. Пры падборы доказнага і ілюстрацыйнага матэрыялу неабходна захоўваць іх “узважанасць”, планаваць плаўныя пераходы ад абстрактнага да канкрэтнага аналізу, сачыць за роўнымі прапорцыямі пазітыўных і негатыўных фактаў.
Распрацоўка выбранай тэмы пачынаецца з вызначэння агульнага папярэдняга плана выступлення, які складаецца з 3-4 пытанняў, знаёмства з бібліяграфіяй, вывучэння літаратуры (як агульнай, так і спецыяльнай і дадатковай).
Пры знаёмстве з літаратурай неабходна рабіць запісы. Па форме гэта могуць быць канспект, выпіскі, цытаты. Вядомы рускі вучоны Дз.І. Мяндзелееў сказаў: “Знойдзеная, але не запісаная думка – знойдзены і згублены скарб”. Канспектаванне мае наступныя разнавіднасці: даслоўнае канспектаванне – перапісванне зместу слова ў слова; свабоднае – пераказ зместу кнігі сваімі словамі; творчае – калі змест прачытанай кнігі дапаўняецца і развіваецца думкамі лектара, падагульняецца ім.
Робячы запісы, неабходна ўказваць сваё меркаванне на прадмет сказанага іншымі. Лічбы, цытаты, даведкі і г.д. лепш запісваць на карткі, пры гэтым абавязкова ўказваць іх крыніцу. Усе факты павінны быць даставернымі і праверанымі.
Пасля гэтага рэкамендуецца скласці падрабязны, дэталізаваны план выступлення і напісаць яго тэкст. Найбольш распаўсюджаным тыпам з’яўляецца шматузроўневы план: 1 / 1.1 / 1.1.1 / 1.1.1.1 / 1.2 / 1.2.1 / 1.2.1.1 і г.д. Калі канспект вызначае, што сказаць, і ўяўляе як бы агульны стратэгічны намер аратара, то план з’яўляецца спалучэннем прыёмаў, якія маюць на мэце тактычную задачу – як сказаць, як найлепшым чынам данесці змест выступлення да слухача, як выклікаць іх пажаданую рэакцыю [2, с. 53].
Ці варта пісаць поўны тэкст выступлення? На гэта пытанне існуюць розныя адказы. Цыцэрон у свой час гаварыў: “Неабходна як мага больш пісаць”. Квінтыліян з ім пагаджаўся: “Толькі з дапамогай пісання можна дасягнуць лёгкасці маўлення”. Пётр І забараняў зачытваць тэкст, патрабаваў гаварыць сваімі словамі: “дабы дурь каждого была видна”. У Францыі ў час буржуазнай рэвалюцыі ХУШ ст. для выступлення абавязкова трэба было рыхтаваць тэкст і зачытваць яго. Выступаць без тэксту, гаварыць сваімі словамі лічылася непрыстойным.
Пісаць поўны тэкст для таго, каб пасля зачытаць яго ў час выступлення, вядома, немэтазгодна. Але напісанне тэксту дазваляе прадумаць у цэлым і ў дэталях змест выступлення, паслядоўнасць і сістэмнасць выкладу. Напісаны тэкст можна праверыць, выправіць, абмеркаваць з кім-небудзь, перачытаць, каб лепш запомніць. Загадзя падрыхтаваны тэкст дысцыплінуе аратара, надае яму ўпэўненасць і эканоміць час на падрыхтоўку да наступных выступленняў.
Класічная рыторыка лічыла, што прамова складаецца з трох элементаў: з самога аратара; з прадмета, пра які ідзе размова; з асобы, да якой ён звяртаецца. Як азначаў Мішэль Мантэнь, “слова належыць напалову таму, хто гаворыць, і напалову таму, хто слухае”. Значнасць і эфектыўнасць прамовы можна праверыць толькі ў працэсе выступлення перад канкрэтнай аўдыторыяй. Поспех аратара ў многім залежыць ад уважлівага вывучэння ім вобраза аўдыторыі. Таму пры падрыхтоўцы да выступлення рэкамендуецца ўважліва ацаніць сітуацыю зносін: вызначыць характар і склад слухачоў, іх сацыяльную прыналежнасць, узрост, ступень падрыхтаванасці, колькасць, намер, настрой, фізічны стан, адносіны да выступлення. Неабходна таксама ўлічваць час свайго выступлення і яго чарговасць (пасля каго вы выступаеце). “Каб дайсці да сэрца слухачоў, неабходна выйсці з футляра сваіх уяўленняў і зірнуць на тэму вачыма аўдыторыі” [Р.Хоф].
Ёсць розныя крытэрыі ацэнкі аўдыторыі. Дэмаграфічная характарыстыка аўдыторыі дазволіць выявіць пол, узрост, адукацыю, прафесію, род заняткаў, культурны ўзровень, нацыянальнасць і такім чынам скласці калектыўны “партрэт” аўдыторыі. Змест выступлення павінен адпавядаць узроўню ведаў, адукацыі і ступені падрыхтаванасці слухачоў. Ллойд Джордж, як сведчаць яго сучаснікі, у парламенце гаварыў палымяна і дыялектычна, на вучоным сходзе – навукова, перад народам – асабліва наглядна, дасціпна і грубавата.
Неабходна ўлічваць і матыў, якім кіраваліся слухачы, прыйшоўшы на выступленне – інтэлектуальны (жаданне атрымаць інфармацыю), маральны (адказ на запрашэнне, абавязковасць), этычны (імкненне атрымаць задавальненне).
Так, складанай лічыцца маладзёжная аўдыторыя, для яе найбольш эфектыўнай з’яўляецца эмацыянальная прамова. Чым большая колькасць слухачоў, тым цяжэй выступаць перад імі. Таму рэкамендуецца перад вялікай аўдыторыяй спрашчаць стыль выступлення (за выключэннем спецыяльных дакладаў) і ўзмацняць нагляднасць і вобразнасць.
Перад выступленнем мэтазгодна папярэдне азнаёміцца з памяшканнем, у якім адбудзецца выступленне: вызначыць яго форму, плошчу, ступень асвятлення, характар акустыкі. Невялікую колькасць слухачоў лепш сабраць у малой аўдыторыі, не пажадана карыстацца трыбунай і мікрафонам. Калі аўдыторыя вялікая, лепш выступаць на трыбуне, каб трымаць у полі зроку ўсю залу і карыстацца мікрафонам. Пры няпоўнай аўдыторыі нельга выказваць прысутным сваё незавальненне дрэнным наведваннем слухачоў : “Ніколі не дакарайце прысутных за адсутных” [Науман].
Памяшканне, у якім адбудзецца выступленне, павінна быць добра праветраным і мець добрае асвятленне. Усе слухачы павінны бачыць аратара, сачыць за выразам яго твару. Асветленым павінен быць і тэкст выступлення. Свае запісы лепш за ўсё трымаць на кафедры. Калі ў аўдыторыі адсутнічае кафедра, яе можна замяніць чым-небудзь, каб трымаць канспект на вышыні, зручнай для чытання. У іншым выпадку прыдзецца трымаць лісты запісаў перад сабою.
Прадугледжвайце таксама асаблівасці акустыкі памяшкання. Так, у вялікім памяшканні гук можа паглынацца (у такім выпадку неабходна выразна артыкуляваць гукі, не глынаць канчаткі) або стварацца рэха (тады трэба замаруджваць тэмп, не спяшацца). Калі магчыма, то лепш не карыстацца мікрафонам, паколькі ён скажае гук і паслабляе ўздзеянне прамовы. Калі ж без мікрафона нельга абыйсціся, то карыстайцеся ім правільна: інтэрвал да яго павінен быць не менш 20-30 см, нельга гаварыць у мікрафон вельмі гучна, паколькі гэта стварае непрыемны для слухачоў рэзананс.
Пэўнае значэнне для эфектыўнасці выступлення мае яго час. У вячэрні час слухачы больш стомленыя, таму выступленне павінна быць больш займальным і цікавым.
Пры вывучэнні вобраза аўдыторыі неабходна ўлічваць таксама яе псіхалагічны стан, эматыўную характарыстыку – тыпы адносін слухачоў да прадмета размовы і да асобы аратара.
Ёсць тры асноўныя мадэлі аўдыторыі:
-- канструктыўная -- аднадумцы, якія згаджаюцца з аратарам; узаемаадносіны з такой аўдыторыяй характарызуюцца ўзаемаразуменнем, імкненнем шукаць і знайсці вырашэнне дадзенай праблемы, мэтай выступлення з’яўляецца ўмацаванне пазіцый аратара;
-- канфліктная -- праціўнікі, якія не прымаюць ідэй прамоўцы; у адносінах з такой аўдыторыяй адсутнічае ўзаемаразуменне, і ў выніку – псіхалагічная несумяшчальнасць; мэта выступлення – “раскалоць” аўдыторыю і схіліць частку яе да кампрамісу;
-- пасіўная -- слухачы, у якіх няма асабістай думкі, яны згаджаюцца з довадамі любога аратара і пойдуць за тым, хто зможа іх пераканаць,; мэта выступлення ў такой аўдыторыі – зацікавіць прысутных, схіліць іх на свой бок.
Поспех выступлення ў значнай ступені залежыць ад правільна вызначанай стратэгіі і тактыкі. Стратэгія прамовы – вызначэнне галоўнай мэты выступлення, асэнсаванне усіх спосабаў і сродкаў пераканання. Гэта сукупнасць падыходаў і метадаў будучага выступлення. Яна павінна быць канструктыўнай.
Тактыка прамовы -- выбар спосабаў зносін з аўдыторыяй, найбольш мэтазгодных з пункту погляду рэалізацыі канструктыўнай стратэгіі прамовы. Іншымі словамі, гэта набор канкрэтных сродкаў для рэалізацыі выбранай стратэгіі.
6. Псіхалагічная падрыхтоўка да выступлення.
Важна таксама быць самім сабою, не пераймаць чыюсьці манеру выступлення, а развіваць сваю, індывідуальную. Трэба выпрацоўваць натуральную манеру трымацца перад слухачамі (як трымае сябе акцёр у час прадстаўлення), такая манера выпрацоўваецца ў выніку трэніроўкі і практыкі. Аратар павінен авалодаць уменнем стварыць добразычлівую атмасферу і ў той жа час дзелавую атмасферу, быць сціплым і адначасова натхнёным і перакананым у сваёй справе.
1. Калі і дзе ўзнікла рыторыка?
2. Як змяняўся змест паняцця “рыторыка” у розныя перыяды яе развіцця? Як развівалася рыторыка?
3. У чым грамадскае значэнне рыторыкі як тэорыі і практыкі красамоўства?
4. Што ўключае ў сябе структура рытарычнай дзейнасці?
5. Што такое інвенцыя? Які яе змест?
6. Дайце азначэнне паняццям этас-логас-пафас.
7. Назавіце рэкамендацыі, што прадстаўляюцца да выбару тэмы выступлення.
8. Якія асноўныя крыніцы і крытэрыі падбору матэрыялу да выступлення?
9. Назавіце асноўныя тыпы матэрыялу, этапы яго сістэматызацыі і спосабы падачы інфармацыі.
10. Якой павінна быць стратэгія і тактыка выступлення? Назавіце асноўныя мадэлі аўдыторыі.
11. Якое значэнне мае псіхалагічная падрыхтоўка да выступлення?
1. Грановская, Л.М. Риторика. Под общ. ред. В.А. Плотниковой / Л.М. Грановская. – М.: Азбуковник, 2004. – 218 с.
2. Клюев, Е.В. Риторика (Инвенция. Диспозиция. Элокуция): Учебное пособие для вузов / Е.В. Клюев – М.: «Изд.-во ПРИОР», 1999. – 272 с.
3.Леммерман, Х. Уроки риторики и дебатов: Пер. с нем. / Х.Леммерман. – М.: ООО «Изд.-во «Уникум Пресс», 2002. – 336 с.
4.Михальская, А.К. Основы риторики: Мысль и слово: Учеб. пособие / А.К. Михальская – М.: Просвещение, 1996. –416 с.
5.Подобед, А.С. Практическая риторика: Учебное пособие / А.С. Подобед – Мн.: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2001. –360 с.
6.Хазагеров, Т.Г. Общая риторика: Курс лекций. Словарь риторических приёмов / Отв. ред. Е.Н. Ширяев. – 2-е изд., перераб. и доп. – Ростов н/Д: Феникс, 1999. – 320 с.
7. Станкевіч, А.А. Рыторыка: Вучэб. Дапам. / А.А. Станкевіч. – Мінск: РІВШ, 2010. – 316 с.
Рэкамендавана да друку навукова-метадычным саветам установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
25 12 2014
3 стр.
Рэцэнзенты: З. У. Шведава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры беларускай мовы уа “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”
25 12 2014
4 стр.
Рэдактар: В. С. Новак, д-р філал навук, заг кафедры беларускай культуры І фалькларыстыкі уа «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны», прафесар
14 10 2014
18 стр.
Слова ў гэтай парадыгме зносін займае важнейшае месца. «Словам можна забіць і ажывіць, параніць і вылечыць, пасеяць сумненне і безнадзейнасць – і натхніць», – пісаў таленавіты педа
15 10 2014
16 стр.
Комплекс вучэбных матэрыялаў уключае тэкст лекцыі на тэму «Регіянальныя асаблівасці вясельных традыцый», чатыры часткі практычнага дапаможніка и адрасаваны студэнтам спеціяльнасці
16 12 2014
24 стр.
Работа выканана ва ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”
15 10 2014
3 стр.
Асаблівасці працы журналіста-міжнародніка ў Агенцтве телевізійных навін Першага канала
15 10 2014
1 стр.
Віктар іванавіч, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання
15 10 2014
1 стр.