Перейти на главную страницу
УДК 81’373.21 (476.2) (075.8)
ББК 81.031.4 (4 Бел. – 4 Гом.) я 73
Б 14
Рэцэнзенты: З. У. Шведава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры беларускай мовы УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”;
Т. А. Карніеўская, кандыдат філалагічных навук, выкладчык кафедры замежных моў УА “Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”
Рэкамендавана да друку Навукова-метадычным саветам установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”
ISBN
Практычнае кіраўніцтва ахоплівае такія раздзелы спецкурса “Анамастыка Гомельшчыны: назвы роднага краю”, як “Агульныя пытанні анамастыкі” і “Тапаніміка як раздзел анамастыкі” і накіравана на засваенне і замацаванне тэарэтычнага матэрыялу дысцыпліны. Для ўдасканалення практычных уменняў студэнтаў пададзены трэніровачныя практыкаванні, пытанні і заданні для самакантролю. У дапамогу студэнтам для авалодання ведамі па дысцыпліне прапанаваны спіс літаратуры.
Рэкамендуецца студэнтам дзённай і завочнай форм навучання спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія (па накірунках)”. Можа быць выкарыстана настаўнікамі агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў, у краязнаўчай рабоце.
© Багамольнікава Н.А., 2012
© Установа адукацыі
“Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
імя Францыска Скарыны”, 2012
З М Е С Т
Уводзіны………………………………………………………………
1 Агульныя пытанні анамастыкі …………………………………….
1.1 Анамастыка як галіна мовазнаўства………………………………
1.2 Аспекты даследавання анамастыкі………………………………
1.3 Метады вывучэння анамастыкі……………………………………
1.4 Асноўныя адзінкі і паняцці анамастыкі, яе віды і этапы вывучэння…………………………………………………………………..
2 Тапаніміка як раздзел анамастыкі ………………………………….
2.1 Айканіміка…………………………………………………………..
2.2 Гідраніміка…………………………………………………………..
2.3 Урбананіміка………………………………………………………..
Літаратура………………………………………………………………
Дадатак А. Прыкладная тэматыка рэфератаў…………………………
Карыстаючыся мовай, мы кожны дзень сустракаемся з уласнымі імёнамі. Яны служаць для наймення людзей, геаграфічных і касмічных аб’ектаў, жывёл, розных прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Да ўласных адносяцца імёны як рэальна існуючых або існаваўшых людзей, гарадоў, сузор’яў і г. д., так і найменні прадметаў, створаных фантазіяй чалавека – імёны багоў, персанажы мастацкай літаратуры і фальклору. Функцыянальная і моўная своеасаблівасць імён прывяла да таго, што іх пачалі вывучаць у асобным раздзеле мовазнаўства – “Анамастыцы” (з грэч. ‘майстэрства даваць імёны’). На сённяшні дзень, калі анамастыка стала самастойнай дысцыплінай, вырасла неабходнасць яе вывучэння. Школьнай праграмай увага ўласным імёнам удзяляецца фрагментарна. Аднак студэнт-філолаг, будучы настаўнік мовы і літаратуры, павінен быць знаёмы з гісторыяй анамастыкі, яе прадметам, тым больш што анамастыка мае выразна бачны міждысцыплінарны характар: цесна звязана з геаграфіяй, гісторыяй, этнаграфіяй, археалогіяй, фальклорам. Вывучэнне анамастыкі заснавана і на раней атрыманых ведах па такіх дысцыплінах, як “Дыялекталогія”, “Гісторыя беларускай мовы”, “Сучасная беларуская мова”.
Спецкурс “Анамастыка Гомельшчыны: назвы роднага краю” вывучаецца студэнтамі 4 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” дзённай і завочнай формаў навучання ў аб’ёме 38 гадзін вучэбных заняткаў (з іх 28 гадзін лекцыйных і 10 гадзін практычных заняткаў). Неабходнасць і актуальнасць спецкурса тлумачыцца тым, што ён з’яўляецца важным звяном у ланцужку агульнафілалагічнай адукацыі студэнтаў, спрыяе вырашэнню задачы гісторыка-культурнага асваення нацыянальнай спадчыны беларускага народа шляхам вывучэння такога яго значнага моўнага пласта, як уласная лексіка, знаёміць з анамастыконам Усходняга Палесся і ўзроўнем яго даследавання. Спецкурс арыентуе студэнтаў на вытлумачэнне ўласных назваў Гомельшчыны ў іх структурна-семантычным і функцыянальна-камунікатыўным аспектах, на выяўленне адметных спецыфічных заканамернасцей, якія праяўляюцца на розных узроўнях класаў анамастычнай лексікі, на ўсебаковае апісанне яе як жывой і рухомай з’явы, дапамагае зразумець яе дынаміку і асноўныя тэндэнцыі развіцця.
Мэтай спецкурса з’яўляецца засваенне студэнтамі неабходных, правільна і навукова абгрунтаваных тэарэтычных звестак у галіне анамастыкі з улікам ідыяэтнічнага нацыянальнага кампанента беларускай мовы, а таксама набыццё практычных уменняў і навыкаў для ўсебаковага аналізу розных класаў онімаў Гомельшчыны і для ўкладання онімаў у анамастычныя слоўнікі.
З асноўнай мэты спецкурса і яго прадмета вынікае шэраг задач:
– засваенне дастатковай колькасці тэарэтычных ведаў для ўсведамлення анамастыкі як самастойнай лінгвістычнай навукі, што стаіць асабліва цесна на стыку гісторыі і геаграфіі;
– фарміраванне ўяўленняў студэнтаў пра асноўныя анамастычныя паняцці, аспекты і метады даследавання анамастычнага матэрыялу;
– аналіз сучаснага стану анамастычнай навукі ў Беларусі і на Гомельшчыне;
– фарміраванне ўменняў і навыкаў выкарыстання тэарэтычных ведаў для вырашэння канкрэтных лінгвістычных задач у галіне анамастыкі;
– заахвочванне студэнтаў да навукова-даследчай работы па анамастыцы;
– авалоданне ўстойлівымі навыкамі самастойнай інтэрпрэтацыі моўных з’яў.
Студэнт павінен ведаць тэарэтычную базу вывучаемай дысцыпліны, функцыі розных відаў анамастычнай лексікі ў сістэме, метадалогію даследавання ўласных найменняў, стан вывучэння анамастычнай лексікі ў Беларусі і на Гомельшчыне ў прыватнасці, мець навыкі самастойнай работы з онімным матэрыялам. На рэалізацыю мэт і задач спецкурса і накіраваны змест дапаможніка, які складаецца з тэарэтычнай і практычнай частак, прыкладнай тэматыкі рэфератаў, спіса рэкамендуемай літаратуры.
Лекцыйны матэрыял скіроўвае студэнтаў на атрыманне неабходных тэарэтычных ведаў па анамастыцы: яны знаёмяцца з анамастыкай як галіной мовазнаўства і яе месцам сярод іншых дысцыплін, аб’ектам, прадметам і задачамі даследавання, аспектамі даследавання, метадамі даследавання, сярод якіх прымяняюцца агульнанавуковыя і спецыфічныя анамастычныя метады, вывучаюцца асноўныя адзінкі і паняцці анамастыкі, віды анамастыкі. Затым адбываецца азнаямленне з раздзеламі гэтай навукі, але найбольшая ўвага ўдзяляецца антрапаніміцы (вывучае ўласныя імёны людзей), тапаніміцы (навука аб уласных імёнах геаграфічных аб’ектаў) і іх падраздзеламі, разглядаецца ўклад анамастаў Гомельшчыны ў развіццё навукі аб імёнах.
Падчас практычных заняткаў выпрацоўваюцца навыкі структурна-семантычнага аналізу на загадзя падрыхтаваным фактычным матэрыяле розных класаў онімаў. Гэта могуць быць спісы імён, імён па бацьку і прозвішчаў студэнтаў курса, тапонімы, сабраныя палявым метадам па месцы нараджэння і пражывання студэнтаў ці іх родзічаў. Студэнты знаёмяцца з методыкай збору і лексікаграфічнай апрацоўкі матэрыялу. Вывады па даследаванні падмацоўваюцца ў выглядзе табліц, схем, дадаткаў. Студэнты авалодваюць і картаграфічным метадам аналізу ўласных імён, тэхнікай укладання іх у слоўнікі розных тыпаў. Пасля наведвання спецкурса студэнты пішуць навуковыя даклады, з якімі выступаюць на студэнцкіх навуковых канферэнцыях, курсавыя і дыпломныя работы.
У выніку студэнт павінен умець:
– карыстацца анамастычнымі паняццямі і тэрмінамі ў іх сістэмна-структурных сувязях;
– збіраць фактычны матэрыял, праводзіць яго лексікаграфічную апрацоўку;
– валодаць асноўнымі відамі лінгвістычнага аналізу;
– прапагандаваць анамастыку як навуку ў шырокіх колах грамадскасці з мэтай разгорнутай работы па зборы мясцовага анамастычнага матэрыялу, які па розных прычынах пачынае знікаць;
– валодаць тэхнікай укладання фактычнага матэрыялу ў слоўнікі;
– карыстацца навуковай, даведачнай і метадычнай літаратурай па анамастыцы;
– мець навыкі правядзення краязнаўчай работы ў школе, раёне, вобласці.
Студэнты знаёмяцца са зніклымі рэліктавымі назвамі і тымі, якія ўзніклі ў глыбокай старажытнасці, але існуюць і сёння і ўяўляюць сабой сталую нацыянальную каштоўнасць на тэрыторыі ўсходніх славян. Яны “адкрываюць” для сябе ў тапаніміі старажытныя лексемы, напрыклад, такія, як весь ‘вёска’, морг ‘мера зямельных плошчаў у Вялікім княстве Літоўскім, адпаведная 0,75 га’ і інш.
Жыццёвыя абставіны вымушалі чалавека адрозніваць адзін аб’ект ад другога. Міналі стагоддзі, а колькасць онімаў няўхільна расла, і цяпер іх немагчыма падлічыць. Яны выконваюць не толькі сваю адрасную функцыю. Гэта словы, якія абазначалі раней пэўнае паняцце. “…анімічныя адзінкі – у гісторыі, а гісторыя – у анімічных адзінках “, – сцвярджае даследчыца Г. М. Мезенка.Уласныя назвы захоўваюць каштоўныя звесткі пра гісторыю роднага краю, яго сівую старажытнасць і нядаўняе мінулае. Гэта неад’емная частка нашай мовы ў цэлым. Таму збор анамастычнага матэрыялу, яго вывучэнне і лексікаграфічнае апісанне па-ранейшаму застаецца адной з актуальных і навукова важных задач. У яе вырашэнні павінны прымаць актыўны ўдзел і дапытлівыя студэнты. Нам у нашым рэгіёне патрэбна як мага хутчэй занатаваць уласныя найменні, якія знікаюць разам з адсяленнем населеных пунктаў вобласці ў выніку аварыі на ЧАЭС і штогадовым змяншэннем колькаснага складу сталага насельніцтва.
Намінацыйны арсенал любой мовы, у тым ліку і беларускай, выразна падзяляецца на два колькасна розныя пласты: агульныя імёны (апелятывы) і ўласныя імёны, або онімы. Раздзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны, называецца цяпер анамастыкай, што ў перакладзе з грэчаскай мовы абазначае ‘майстэрства даваць імёны’ (раней у гэтым значэнні ўжывалі тэрмін тапанамастыка). Такім чынам, аб’ект вывучэння анамастыкі – любое ўласнае імя. Асноўнымі задачамі анамастыкі з’яўляюцца вывучэнне шляхоў і заканамернасцей узнікнення онімаў, матывы намінацыі, іх развіццё, функцыянаванне, пераходы ўласных імёнаў з аднаго класа ў іншы, тэрытарыяльнае і моўнае іх распаўсюджванне.
Анамастыка аперыруе сваімі паняццямі, адзінкамі, тэрмінамі, сярод якіх важнейшымі можна адзначыць онім, анімія, анімізацыя, анімічны арэал, анімічная аснова, онімаўтварэнне, анамастыкон і інш. У анамастыцы ёсць значная колькасць тэрміналагічных спалучэнняў са словам імя ў значэнні ‘ўласнае імя’. Гэта і азначэнні да слова імя, што характарызуюць яго пераважна лінгвістычна, і тыя словазлучэнні, у якіх імя характарызуецца экстралінгвістычна. Правесці дакладную мяжу паміж лінгвістычным і экстралінгвістычным азначэннем імя ў шэрагу выпадкаў складана, таму хістанні і выпадкі “пераходу праз мяжу” непазбежныя. Уласныя імёны ўяўляюць сабой не проста вельмі вялікую функцыянальна і сацыяльна значную і маркіраваную ў культурна-гістарычным плане частку слоўніка любой мовы, але і вельмі спецыфічную яго складаючую па лінгвістычных параметрах (своеасаблівасць семантыкі, фанетыкі, арфаграфіі, словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу).
У онімах людзі адлюстроўвалі “паняцці, звязаныя з найбольш важнымі, ключавымі сферамі свайго жыцця”, аднак самі онімы не маюць значэння, а толькі мэту – абазначаць, вылучаць адзін аб’ект, з якім яны суадносяцца (намінатыўна-ідэнтыфікуючая функцыя). Такой думкі прытрымліваюцца многія лінгвісты, у тым ліку і вядомы англійскі логік Джон Сцюард, які сцвярджаў, што ўласныя імёны не валодаюць значэннем, яны толькі дапамагаюць адрозніваць прадметы адзін ад другога. Яго апанент Х. Джозэф выказваў дыяметральна супрацьлеглае меркаванне: “Уласнае імя мае нават больш значэння, чым агульнае”. Сваю думку ён падмацоўваў тым, што імя не толькі называе, але і нясе аб аб’екце поўную інфармацыю.
Уласныя імёны гучалі і гучаць у штодзённых размовах, іх выкарыстоўваюць у розных стылях мовы, без іх не абыходзіцца ніводзін від пісьма, таму яны, несумненна, цікавілі чалавецтва з даўніх часоў, але напачатку гэта быў у цэлым аматарскі падыход. Навуковы падыход да іх вывучэння, найперш, паходжання, гісторыі, варта звязваць з імем нямецкага вучонага В. Гумбальда (1767 – 1835). У Расіі іх даследаванне ў адзначаным накірунку працягваў А.Х. Вастокаў (1781–1864). У сярэдзіне 19 ст. пры дапамозе аналізу ўласных імён была зроблена спроба вызначыць гістарычныя межы рассялення славян і суседніх з імі народаў (А. Г. Кіркор, А. А. Качубінскі, А. Л. Пагодзін). Больш высокі этап даследавання ўсходнеславянскай анамастыкі адзначаецца ў працах рускіх лінгвістаў А. А. Шахматава (1864–1920), А. І. Сабалеўскага (1857–1929) і беларускіх З. Я. Тараноўскага, Ю. Ю. Трусмана. Сістэмны навуковы характар вывучэнне онімаў набыло ў апошнія дзесяцігоддзі, калі з’явілася шмат выданняў, у якіх выпрацаваны прынцыпы анамастыкі як самастойнай навуковай дысцыпліны (падрабязна мы іх будзем аналізаваць ніжэй). Беларуская анамастычная школа заснавана М. В. Бірылам.
У свой час Леў Успенскі пісаў, што для таго каб правільна вытлумачыць паходжанне імя, прозвішча, назвы мясцовасці, недастаткова прачытаць нават самую лепшую навукова-папулярную кнігу. Трэба прайсці грунтоўную ўніверсітэцкую падрыхтоўку – лінгвіста, географа, гісторыка, археолага, этнографа. Трэба доўга і ўважліва займацца спецыяльным напрамкам філалогіі, у якім падрабязна аналізуюцца пытанні анамастыкі ў шырокім сэнсе слова [4, с. 57]. Анамастыка прызнаецца перш за ўсё лінгвістычнай, мовазнаўчай навукай, так як любая назва бярэ свой пачатак з якойсьці мовы і для свайго тлумачэння непазбежна патрабуе прыцягнення моўных матэрыялаў. Назвы, несумненна, – элементы лексікі.
З другога боку, анамастыка цесна звязана з прыродай, насельніцтвам краіны, дзяржавы, вобласці, зямлі і ў гэтым сэнсе прадстаўляе аддзел геаграфічнай навукі. Геаграфічны характар мясцовасці вельмі часта дапамагае раскрыць значэнне і паходжанне той ці іншай назвы. Напрыклад, назвы вёсак Лукі, Лучын, Лучыцы сведчаць, што пасяленні ўзніклі каля выгіну рэчак, в. Залессе знаходзіцца за лясным масівам.
Неабходна ўказаць і на цесную сувязь анамастыкі з гісторыяй таго грамадства, якое стварыла імёны дадзенай тэрыторыі або змяняла і ўзбагачала іх у далейшым. Вельмі часта іменна гісторыя дапамагае раскрыць сэнс назвы. З гэтага пункту гледжання анамастыка з’яўляецца адной з галін гістарычнай навукі. Для прыкладу возьмем назву сталіцы нашай рэспублікі Мінск (былыя назвы яе Менеск, Менск, Меньскъ, якія ўпершыню ўпамінаюцца ў летапісах 1067 г.). Спачатку гэту назву звязвалі з дзеясловам мяняць, і на гэтай аснове выказваліся думкі аб тым, быццам Мінск узнік на месцы ажыўленага абмену. Аднак ніякіх другіх доказаў, акрамя знешняга падабенства асноў, ніхто не змог прывесці. Факты сведчылі аб іншым: аддзеяслоўныя назоўнікі з асновай мяняць у тапаніміі невядомы. Месцы гандлю ў эпоху ўзнікнення Мінска насілі назвы торг, таргі (г. Таржок). Матэрыялы XII–XY стст. сведчаць аб тым, што Мінск не з’яўляўся ажыўленым месцам гандлю. У той жа час аснова мень шырока прадстаўлена ў тапаніміі (г. Мінск-Мазавецкі ў Польшчы, чыг. ст. Мена і гар. пас. Мена ў Чарнігаўскай вобласці, рака Мена -- пр. прыт. Дзясны). Таму ёсць усе падставы звязваць назву г. Менска з імем р. Мены. Сведчаннем гэтага можа паслужыць суфікс -ск-, тыповы для назваў паселішчаў, утвораных на базе імёнаў рэк (параўн.: г. Віцебск на Віцьбе, г. Пінск на Піне, г. Полацк на Полаці, г. Чачэрск на Чачоры). Аднак па тапаграфіі мясцовасці старажытным ядром Мінска лічыцца месца ўпадзення ракі Нямігі ў Свіслач, тады як рэчка Менка паказана на старых планах на паўднёвым захадзе ад сучаснага Мінска. Пытанне патрабуе яшчэ свайго даследавання. Пакуль жа адзначаюць, што месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач магло быць цэнтрам г. Нямігі, а ядро Мінска магло ўзнікнуць каля р. Мена (Менка). На карысць гэтай гіпотэзы гаворыць наступны факт. У “Аповесці мінулых гадоў” запісана: “… братья взяша Менескъ…поидоша к Немизе… меняне затворишася в граде…”. Адсюль можна меркаваць, што паміж Мінскам і Нямігай была адлегласць (у “Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх к. XIY ст.” яны ўзгадваюцца як суседнія, але асобныя гарады). Відаць, пасля аднаго з пагромаў ад Менску нічога не засталося і ён фактычна ўзнавіўся побач з г. Няміга [2, с. 232-234]. Варыянт жа Мінск быў атрыманы, магчыма, пазней па аналогіі з назвай польскага горада Мінск-Мазавецкі.
У сваю чаргу, часта адзіным сродкам для правільнага меркавання аб этнічнай прыналежнасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці аказваюцца онімы. Таму анамастыка з’яўляецца ў такога роду пытаннях важным дапаможным сродкам, памочніцай гісторыка і археолага.
Такім чынам, анамастыка – навука, што стаіць на стыку трох вялікіх абласцей: мовазнаўства, геаграфіі, гісторыі. У адпаведнасці з гэтым многія факты анамастыкі атрымліваюць належнае тлумачэнне толькі з прыцягненнем вельмі значнага і разнастайнага па характары матэрыялу – лінгвістычнага, гістарычнага і геаграфічнага.
Рэцэнзенты: З. У. Шведава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры беларускай мовы уа “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”
25 12 2014
4 стр.
Рэкамендавана да друку навукова-метадычным саветам установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
25 12 2014
3 стр.
Выступленне музычных калектываў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў
08 10 2014
2 стр.
Пасля заканчэння ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання (узровень агульнай сярэдняй адукацыі) абітурыент павінен в е д а ц ь
15 10 2014
1 стр.
Усё гэта ў літаратуры раскрываецца своеасабліва, праз мастацкую вобразнасць, экспрэсіўна, эмацыянальна. Як усякае мастацтва, літаратура вызначаецца поліфункцыянальнасцю: апрача паз
14 12 2014
1 стр.
У 2011/2012 навучальным годзе адукацыйны працэс ва ўстанове адукацыі “Зубкаўская сярэдняя школа Клецкага раёна” быў арганізаваны ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб ад
10 10 2014
1 стр.
Работа выканана ва ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”
15 10 2014
3 стр.
Рэдактар: В. С. Новак, д-р філал навук, заг кафедры беларускай культуры І фалькларыстыкі уа «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны», прафесар
14 10 2014
18 стр.